Зяленскі, Пуцін, Макрон і Мэркель даюць сумесную прэс-канфэрэнцыю. ВІДЭА

У Парыжы прайшоў саміт «нармандзкай чацьвёркі». Дэлегацыі Ўкраіны, Расіі, Францыі і Нямеччыны абмяркоўвалі спыненьне агню на Данбасе, абмен палоннымі, кантроль над мяжой і правядзеньне мясцовых выбараў.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі правёў асобныя сустрэчы з францускім лідэрам Эманюэлем Макронам і канцлеркай нямеччыны Ангелай Мэркель.

Чатырохбаковая сустрэча пачалася на паўтары гадзіны пазьней за заплянаваны час. Каля 22-й гадзіны паводле менскага часу сустрэчу прыпынілі для двухбаковай сустрэчы Зяленскага і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, пасьля чаго яшчэ нейкі час ішлі агульныя перамовы.

Пакуль што з Парыжу ёсьць паведамленьні, што бакі не змаглі дамовіцца.

Перад сустрэчай паведамлялася, што на перамовах Кіеў будзе патрабаваць ад Расеі канчатковага абмену зьняволенымі ў фармаце «ўсіх на ўсіх», у тым ліку — украінцаў, якія ўтрымліваюцца на тэрыторыі Данбаса, непадкантрольнай Украіне.

Прэзыдэнт Зяленскі таксама заявіў, што будзе патрабаваць абсалютнага спыненьня агню на Данбасе і кантролю над усёй мяжой паміж Украінай і Расеяй. Цяпер Кіеў не кантралюе каля 400 кілямэтраў мяжы на ўсходзе краіны.

Крыніцы ў Крамлі раніцай 9 сьнежня паведамілі, што Расея мае намер заняць «жорсткую пазыцыю» на перамовах. Расея, як мяркуецца, будзе патрабаваць ад Украіны правядзеньня выбараў на непадкантрольных тэрыторыях і асаблівага статусу для тэрыторый Данбаса.

Раней прэзыдэнт Зяленскі заяўляў, што ня дасьць аўтаноміі сэпаратысцкім рэгіёнам на ўсходзе Ўкраіны.