Лукашэнка зьбіраецца расставіць з Пуціным кропкі над «і»

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, Сочы, 15 лютага 2019

Аляксандар Лукашэнка ня выключыў, што да канца году сустрэнецца з прэзыдэнтам Расеі двойчы, паведамляе БелаПАН.

Пра гэта, паводле прэсавай службы беларускага кіраўніка, ён паведаміў сёньня на сустрэчы з кіраўніком сваёй адміністрацыі Ігарам Сергеенкам і старшынёй Савету Рэспублікі Натальляй Качанавай.

Пасьля перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў Сочы 7 сьнежня было абвешчана, што яны сустрэнуцца яшчэ раз 20 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, дзе і калі сустрэнуцца ізноў Лукашэнка і Пуцін

Сёньня ў гутарцы зь Сергеенкам і Качанавай кіраўнік Беларусі заявіў:

«Магчыма, яшчэ давядзецца пасьля 20 сьнежня сустрэцца і з прэзыдэнтам Расеі, каб ужо канчаткова расставіць кропкі над "i" ў найважнейшых пытаньнях функцыянаваньня дзьвюх дзяржаваў і, галоўнае, нашых эканомік».

Паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, сёньня ў яго адбылася тэлефонная размова з прэм’ер-міністрам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым.

Да канца году кіраўнік Беларусі плянуе сустрэцца ня толькі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, але і са старшынём расейскага ўраду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прынцыпова новы этап»,— амбасадар Сямашка пра паглыбленую інтэграцыю з Расеяй 

Лукашэнка сказаў, што, магчыма, Мядзьведзеў для сустрэчы прыедзе ў Менск.

Падчас сустрэчы ў Сочы 7 сьнежня кіраўнікі Беларусі і Расеі абмяркоўвалі «дарожныя мапы» паглыбленьня інтэграцыі і пытаньні паставак расейскага газу. Пасьля перамоваў ад камэнтароў устрымаліся і Лукашэнка, і Пуцін.