Расейскія баксэры прыгразілі байкатаваць Алімпіяду, калі застануцца бязь сьцяга і гімна 

Бокс на Эўрапейскіх гульнях у Менску

Баксэры зборнай Расеі ня будуць браць удзел у летняй Алімпіядзе ў Токіё, калі там не дазволяць расейскага сьцяга і гімна.

Пра гэта, як паведамляе спартовы рэсурс championat, заявіў генэральны сакратар Фэдэрацыі боксу гэтай краіны Умар Крамлёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьмешышча на ўвесь сьвет». Беларускія алімпійцы пра адхіленьне Расеі ад міжнародных спаборніцтваў

10 сьнежня Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) забараніла расейскім камандам выступаць на буйных міжнародных спаборніцтвах пад дзяржаўнай сымболікай, уключна з Алімпійскімі гульнямі і чэмпіянатамі сьвету.

Па словах Крамлёва, ягоныя калегі ня бачаць сэнсу ўдзельнічаць у Алімпіядзе бязь сьцяга і гімна, паколькі для сапраўднага патрыёта гэта «самае галоўнае». Баксэры просяць кіраўніцтва Расеі аспрэчыць санкцыі WADA праз суды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін назваў адхіленьне Расеі ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах супярэчным Алімпійскай хартыі

За шматлікія парушэньні антыдопінгавага заканадаўства летась расейскія спартоўцы ўжо езьдзілі ў нэўтральным статусе на зімовую Алімпіяду ў паўднёвакарэйскі Пхёнчхан. Паводле рашэньня Міжнароднага алімпійскага камітэту, ім таксама было забаронена выкарыстоўваць дзяржаўны сьцяг і выконваць гімн у гонар пераможцаў.