«Я расеец, але не падданы Пуціна». У клюбе Алексіевіч выступіў былы прафэсар МГІМО, звольнены за крытыку анэксіі Крыму

Расейскі гісторык Андрэй Зубаў расказваў пра веру і рэлігію ў сучаснасьці.

Андрэй Зубаў — расейскі гісторык, рэлігіязнавец і палітоляг. 5 гадоў таму Зубава звольнілі з Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносін (МГИМО) за жорсткую крытыку крымскага аншлюсу. Тады ён параўнаў палітыку Расеі ў дачыненьні Ўкраіны з палітыкай гітлераўскай Нямеччыны ў 1938 годзе. З 2016-га зьяўляецца намесьнікам старшыні правацэнтрысцкай Партыі народнай свабоды (ПАРНАС).

Свабода сабрала самыя яркія цытаты з сустрэчы.

Падчас сустрэчы з расейскім гісторыкам Андрэем Зубавым у інтэлектуальным клюбе Сьвятланы Алексіевіч

Больш за ўсё на постсавецкай прасторы не стае праўды пра тое, што галоўнай каштоўнасьцю зьяўляецца чалавек.

Андрэй Зубаў раздае аўтографы

Ёсьць герой у гэтай краіне, які сказаў, што ён атэіст праваслаўнага веравызнаньня. Таму што беларусы, зь ягонага пункту погляду, у асноўным праваслаўны народ. А пытаньне так ужо даўно ня ставіцца. Будучы беларусам, ты можаш быць праваслаўным, ці каталіком, ці крышнаітам, ці масонам, ці атэістам — гэта твой пошук, тваё права шукаць. І ніхто ня можа сказаць: «Калі ты беларус, ты павінен быць такім».

Андрэй Зубаў і журналістка Тацяна Цюрына

Ніводная рэлігія не паразытуе на маралі. Але любая рэлігійная сыстэма зыходзіць з таго, што ёсьць у сьвеце пэўны парадак, які вызначыў Стваральнік сьвету. Парушэньне гэтага парадку прыводзіць да парушэньня сьвету. Рэлігія тлумачыць мараль, якую ня здольна патлумачыць нерэлігійная сьвядомасьць. Нерэлігійная сьвядомасьць ня можа патлумачыць, чаму трэба захоўваць вернасьць жонцы. А рэлігійная патлумачыць гэта вельмі дыскурсійна і разумна.

Заходні сьвет адмовіўся ад таго, што мы б назвалі камуналізмам (ад слова камуна ’супольнасьцьʼ. — РС). Кам’юніці другасная. Але ўсходнеэўрапейскі сьвет яшчэ не перажыў гэтага. Мы былі закансэрваваныя ў савецкую «жалезную заслону», Бэрлінская сьцяна нас аддзяліла ад разьвіцьця чалавецтва. Яна зрабіла нас заказьнікам ХІХ стагодзьдзя ў ХХІ стагодзьдзі. І таму ўсплёскі нацыяналізму і канфэсіяналізму ў нашых краінах цалкам натуральныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафэсар Зубаў, які выступіў супраць Пуціна, даў інтэрвію Свабодзе

Заходні пэрсаналізм (стаўленьне да чалавека як да асобы. — РС) мае некаторыя наступствы, якія нам тут, на ўсходзе, не зусім зразумелыя. Адно з наступстваў — гэта памяркоўнасьць да ўсіх гэтых сэксуальных меншасьцяў. У нас шмат каму гэта не падабаецца, здаецца дзіўным. Але калі штосьці ці хтосьці табе непрыемны, не паказвай гэтага, паказваць гэта — прыкмета дзікунства. Так прынята ў Заходняй Эўропе. А мы прызвычаіліся сваё навязваць іншаму, таму што гэта карпаратыўная калектывісцкая сьвядомасьць.

Добрыя аб’яднаньні бываюць. Але зараз нашто аб’ядноўвацца? Дзьве бедныя тыраніі — што яны дадуць адна адной? Адзін тыран зьесьць другога? Аб’ектыўна шлях Расеі і Беларусі — да дэмакратыі і Эўрапейскага зьвязу. А ўжо ўнутраныя стасункі яны прыдумаюць якія зрабіць. Аўстрыя і Нямеччына — гэта адзін нямецкі народ. Абедзьве краіны ў Эўразьвязе, пры гэтым Нямеччына абсалютна не зьбіраецца занявольваць Аўстрыю.

Андрэй Зубаў раздае аўтографы

Ня будзем таіць, што і ў гэтай краіне, і ў Расеі аўтарытарныя рэжымы. Але ўсе людзі памыляюцца. Няма правадыроў, якія не памыляюцца. І калі ніхто не адважваецца сказаць такому лідэру, што ён ня мае рацыі, то колькасьць памылак назапашваецца і вядзе краіну на дно. Але пасьля сьмерці шматгадовага тырана заўжды наступае калясальны паварот у палітыцы. І яго робяць ня лідэры апазыцыі, а найбліжэйшыя памагатыя гэтага тырана. Таму што яны, у адрозьненьне ад апазыцыянэраў, выдатна ведаюць, якія глупствы робіць гэты тыран.

Я праваслаўны, але я не падданы патрыярха Кірыла. Я расеец, але я не падданы прэзыдэнта Пуціна. Я не ляяльны карпарацыям (буйным супольнасьцям, аб’яднаным на падставе агульных інтарэсаў, напрыклад нацыя, рэлігія. — РС), я ляяльны толькі свайму сумленьню.