Кітайцы далі Беларусі крэдыт $5 млрд і дапамогуць прадаваць электраэнэргію зь БелАЭС, — літоўская тэлевізія

Вучэньні на БелАэс

Кітайская дзяржаўная энэргетычная кампанія Power China і яе даччынае прадпрыемства North China Power Engineering (NCPE) будуць дапамагаць Беларусі прадаваць электраэнэргію зь Беларускай АЭС (БелАЭС), паведамляе сайт літоўскай тэлевізіі LRT.

Аддзел расьсьледаваньняў грамадзкай літоўскай тэлевізіі выявіў, што North China Power Engineering (NCPE) рэалізуе так званы праект продажу беларускай электраэнэргіі і злучэньня сетак, які ўключае ў сябе 23 праекты. Пад гэты праект сетак БелАЭС Беларусь атрымала крэдыт кітайскага Эксымбанку. Беларусі дадзена 5 млрд даляраў.

NCPE ў 2013 годзе набыло адно з найбуйнейшых у Літве прадпрыемстваў праектаваньня электраэнэргетычных аб’ектаў — Інстытут энэргасетак, які знаходзіцца ў Коўне. Кітайцам належыць кантрольны пакет акцыяў, а ў праўленьне прадпрыемства ўваходзяць толькі грамадзяне Кітаю.

Як рэагуюць у беларускіх міністэрствах?

Прэс-сакратарка Міністэрства фінансаў Ірына Комар сказала карэспандэнту Свабоды, што ў міністэрстве «такой інфармацыі няма», і параіла зьвярнуцца ў міністэрства энэргетыкі.

«Магчыма, гэта нейкія міжведамасныя дамовы. Але тое, што гэта крэдыт для краіны і што падпісвала Міністэрства фінансаў, — такой інфармацыі ў нас няма».

У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі сказалі, што ня маюць зьвестак пра крэдыт у 5 мільярдаў пад 23 праекты для продажу беларускай электраэнэргіі і злучэньня сетак. Маўляў, з гэтым пытаньнем трэба зьвяртацца да першакрыніцы інфармацыі.

Паводле прэс-службы беларускага міністэрства, у 2012 годзе быў падпісаны кантракт на 340,86 млн даляраў паміж РУП «Гроднаэнэрга» і NCPE (ТАА «Паўночнакітайскія электраэнэргетычная праектная кампанія пры кітайскай электраэнэргетычнай інжынэрна-кансультацыйнай карпарацыі») адпаведна з крэдытным пагадненьнем кітайскага Эксымбанку.

Згодна зь ім цяпер рэалізуецца праект выдачы магутнасьці БелАЭС. Ён уключае

  • будаўніцтва паветраных лініяў электраперадачы 330 кВ даўжынёй 1032,5 км;
  • рэканструкцыю існых лініяў электраперадачы 110-330 кВ працягласьцю 672,4 км;
  • рэканструкцыю 4-х падстанцыяў з будаўніцтвам ячэек 330кВ (АРП 330 кВ ЦЭЦ-4, ПС 330 кВ «Рось», ПС 220 кВ «Стоўпцы», ПС 330 кВ «Смаргонь»);
  • будаўніцтва новай падстанцыі 330кВ «Паставы»;
  • устаноўку другога трансфарматара на ПС 330кВ «Смаргонь».

Паводле міністэрства, цягам 2014–2017 гадоў у Беларусі ўзьвялі 17 з плянаваных 23 пускавых комплексаў выдачы магутнасьці БелАЭС. Будаўніцтва астатніх 6 пускавых комплексаў завершана летась на тэрыторыі Горадзенскай, Менскай і Віцебскай абласьцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На БелАЭС рыхтуюцца да «гарачай абкаткі» рэактарнай устаноўкі 

Літва з пачатку 2016 году імкнецца пераканаць краіны ЭЗ далучыцца да эмбарга беларускай электраэнэргіі, аднак іншыя краіны Балтыі ня сталі прадпрымаць такія крокі.

Беларусь адхіляе прэтэнзіі Літвы наконт небясьпечнасьці АЭС. Менск сьцьвярджае, што ядзернае паліва для першага рэактара станцыі будзе дастаўлена да канца гэтага года, а сама АЭС будзе ўведзеная ў эксплёатацыю ў студзені 2020 года.