Кіеў і сэпаратысты дамовіліся пра абмен палоннымі да канца 2019 году

Абмен палоннымі на Данбасе, архіўнае фота

Удзельнікі Трохбаковай кантактнай групы ва ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны дамовіліся аб абмене палоннымі да канца 2019 году. Пра гэта ўвечары 23 сьнежня паведаміў офіс прэзыдэнта Ўкраіны. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі і ў АБСЭ.

Пра абмен палоннымі да канца 2019 году і спыненьне агню на Данбасе дамовіліся прэзыдэнты Ўкраіны і Расеі Ўладзімір Зяленскі і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў нармандзкім фармаце 9 сьнежня ў Парыжы, аднак удзельнікам пасяджэньня кантактнай групы ў Менску 18 сьнежня не ўдалося ўзгадніць сьпісы асобаў для абмену. Перамовы паміж Украінай, Расеяй і прадстаўнікамі так званых «ДНР» і «ЛНР» аб абмене палоннымі «ўсіх на ўсіх» зайшлі ў тупік.

Апошні абмен палоннымі паміж Кіевам і «ДНР» і «ЛНР» адбыўся ў канцы сьнежня 2017 году.

Апошні абмен вязьнямі паміж Расеяй і Ўкраінай прайшоў у верасьні 2019 году. З кожнага боку вызвалілі па 35 чалавек.