Лукашэнка абнавіў мясцовую «вэртыкаль» кадравым перасоўваньнем па «гарызанталі» 

Баляслаў Пірштук перакінуты з пытаньняў сьмяротнага пакараньня на ахову прыроды

Аляксандар Лукашэнка прызначыў новых намесьнікаў міністра і кіраўнікоў у шэраг выканаўчых камітэтаў, паведамляе прэзыдэнцкая прэсавая служба. Бальшыня чыноўнікаў раней ужо займалі пасады ў структуры органаў абласной ці раённай улады.​

Ці не найбольш пазнавальны ў гэтым шэрагу былы намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук, які сярод іншага адказваў за збліжэньне пазыцый Беларусі і Эўразьвязу ў пытаньні мараторыю на сьмяротнае пакараньне. Цяпер Пірштук будзе працаваць намесьнікам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

Акрамя таго, Сяргей Гунько стане першым намесьнікам міністра прамысловасьці, а Натальля Філіпава —​ намесьніцай міністра юстыцыі. Таксама Анатоль Бубен будзе кіраваць канцэрнам «Белдзяржхарчпрам», Ігар Шустаў прызначаны генэральным дырэктарам ААТ «Менск Крышталь».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль траціна дзейных дэпутатаў хочуць зноў застацца ў Палаце прадстаўнікоў

Іншыя прызначэньні тычацца найперш рэгіянальнага ўзроўню:

  • Так, на вакантную пасаду першага намесьніка старшыні Гомельскага аблвыканкаму ўзгоднены экс-кіраўнік камітэту сельскай гаспадаркі і харчаваньня Ігар Часнок.
  • Намесьнік старшыні Лідзкага райвыканкаму Віктар Пранюк стане намесьнікам старшыні Горадзенскага аблвыканкаму.
  • Полацкі райвыканкам узначаліць старшыня Верхнядзьвінскага райвыканкаму Ігар Марковіч, чыё крэсла пяройдзе першаму намесьніку Васілю Шылаву.
  • Старшынёй Талачынскага райвыканкаму стане Алег Лындзін, які дагэтуль кіраваў Дубровенскім райвыканкамам.
  • На пасаду старшыні Нараўлянскага райвыканкаму ўзгоднены Сяргей Дылюк, экс-намесьнік старшыні Мазырскага райвыканкаму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шэрыя кардыналы» Лукашэнкі. Хто найбольш дапамагаў беларускаму кіраўніку
  • Першы намесьнік старшыні Мастоўскага райвыканкаму Генадзь Шатуеў падвышаны да старшыні райвыканкаму ў Карэлічы.
  • Намесьнік старшыні Слонімскага райвыканкаму Ўладзіслаў Гершгорын пераведзены кіраваць Ашмянскім райвыканкамам.
  • На пасаду старшыні Касьцюковіцкага райвыканкаму ўзгоднены Аляксандар Гарбачэўскі, цяперашні намесьнік старшыні Клімавіцкага райвыканкаму.
  • Першы намесьнік старшыні Дрыбінскага райвыканкаму Сяргей Шацкі пойдзе на павышэньне ў Крычаўскі райвыканкам.