Былыя беркутаўцы, абвінавачаныя ў расстрэле Майдану, вызваленыя з-пад варты

Былыя беркутаўцы Сяргей Зінчанка і Павел Аброськін (фота архіўнае)

Калегія судзьдзяў Кіеўскага апэляцыйнага суду ў суботу ўвечары прыняла рашэньне аб зьмене меры стрыманьня былым супрацоўнікам падразьдзяленьня спэцыяльнага прызначэньня «Беркут», абвінавачаным у расстрэле людзей падчас падзеяў Эўрамайдану ў 2014 годзе, і прызначыла ім асабістае абавязаньне.

Алегу Янішэўскаму, Сяргею Зінчанку і Паўлу Аброськіну, якія да гэтага часу заставаліся пад вартай, а таксама Сяргею Тамтуру і Аляксандру Марынчанку, якія былі пад хатнім арыштам, прызначылі асабістае абавязаньне.

Бок пацярпелых прасіў суд пакінуць апэляцыйныя скаргі абвінавачаных эксберкутаўцаў без задавальненьня.

Як перадае карэспандэнт Радыё Свабода, пасьля рашэньня суду адбылася бойка пад будынкам з мэтай перашкодзіць вывазу эксберкутаўцаў.

Актывісты блякуюць вываз вызваленых эксберкутаўцаў. (АСЬЦЯРОЖНА: нецэнзурная лексыка)

Раней сёньня на пасяджэньні Кіеўскага апэляцыйнага суду пракуроры пацьвердзілі, што эксберкутаўцы ўключаныя ў сьпіс на абмен утрымліванымі асобамі паміж Украінай і баевікамі «ЛДНР».

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пацьвердзіў, што абмен утрымліванымі заплянаваны на заўтра, 29 сьнежня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пацьвердзіў абмен вязьнямі з сэпаратыстамі 29 сьнежня

Фігурантам гэтай справы аб расстрэлах на Майдане інкрымінавалі перавышэньне службовых паўнамоцтваў, незаконнае выкарыстаньне зброі, наўмыснае забойства і ўчыненьне цялесных пашкоджаньняў актывістам Майдану. Былыя байцы спэцпадразьдзяленьня «Беркут» не прызналі віны ні па адным з пунктаў.

Паводле стану на люты 2018 году сьледзтвам было выяўлена 48 фактаў забойстваў і 80 фактаў замахаў на забойствы людзей 20 лютага 2014 году ў цэнтры Кіева.