Некалькі тысяч чалавек пратэставалі сёньня ля будынка амбасады ЗША ў Багдадзе з прычыны амэрыканскіх авіяўдараў па шыіцкім апалчэньні. Пэрсанал пасольства эвакуаваны, адзначае Reuters.
Дэманстранты выкрыквалі фразу: «Сьмерць Амэрыцы» і спальвалі сьцягі ЗША. Некаторыя, праламаўшы браму дыпляматычнай місіі, уварваліся усярэдзіну. Ірацкія сілы бясьпекі для разгону пратэстоўцаў ужылі сьлезацечны газ.
Video shows Iraqi militia and protesters lighting fires, throwing stones at U.S. embassy compound in Baghdad. https://t.co/ppetHVCYRm pic.twitter.com/MX3Y9PORqz
— ABC News (@ABC) December 31, 2019
29 сьнежня Злучаныя Штаты нанесьлі авіяўдары па базах шыіцкай групоўкі «Катаіб Хізбала» ў Іраку і Сырыі. Загінула ня менш за 25 чалавек. Прадстаўнікі Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША назвалі гэта «абарончымі ўдарамі» ў адказ на ракетную атаку па вайсковай базе паблізу Кіркуку. Тады загінуў амэрыканскі кантрактнік. Удары нанесьлі шыіцкія баевікі, як мяркуецца, з групоўкі «Катаіб Хізбала».
Прэм’ер-міністар Іраку Адыль Абдул-Махдзі заявіў, што сваімі дзеяньнямі ЗША парушылі сувэрэнітэт краіны. Кіраўнік «Катаіб Хізбала» паабяцаў даць Вашынгтону жорсткі адказ.
- Апошнімі месяцамі праіранскія шыіцкія сілы наносілі ўдары па амэрыканскіх сілах на іншых базах у Іраку, у тым ліку ў Баладзе, Эт-Таджы, Айн аль-Асадзе і ў аэрапорце Багдаду, а таксама па амбасадзе ЗША.