Парлямэнт Ірану прызнаў Пэнтагон тэрарыстычнай арганізацыяй

Іранскія дэпутаты 7 студзеня 2020

Парлямэнт Ірану ўхваліў законапраект, які вызначае амэрыканскае Міністэрства абароны і ўсе зьвязаныя зь ім арганізацыі тэрарыстычнымі. Пра гэта паведамляе іранскае агенцтва IRNA.

Сёньня ж міністар абароны ЗША Марк Эспэр заявіў, што Злучаныя Штаты не плянуюць бамбаваць іранскія культурныя аб’екты ў выпадку ваеннага канфлікту. Раней пра такую магчымасьць заяўляў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране хаваюць генэрала, забітага амэрыканскім дронам. ВІДЭА

Адносіны паміж ЗША і Іранам рэзка абвастрыліся пасьля забойства ў Іраку іранскага генэрала Касэма Сулеймані. Сулеймані,​ які камандаваў спэцназам у складзе Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, быў забіты ўдарам з дрона ў раёне багдадзкага аэрапорту 3 студзеня. Удар быў нанесены па распараджэньні прэзыдэнта ЗША. У Пэнтагоне заявілі, што генэрал распрацоўваў пляны нападу на амэрыканскіх дыпляматаў і вайскоўцаў у Іраку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны ЗША абверг інфармацыю пра вывад войскаў з Іраку

Прэзыдэнт Ірану назваў атаку «тэрарыстычным актам» і паабяцаў, што «Амэрыка дорага за яго заплаціць». Іран таксама заявіў пра фактычную размарозку ваеннай ядзернай праграмы.