Хто замяніў забітага іранскага генэрала Сулеймані

Эсмаіл Гаані, травень 2017

Камандзірам сілаў «Кудс», элітнага падразьдзяленьня Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі ў Іране, стаў брыгадны генэрал Эсмаіл Гаані.

Вярхоўны кіраўнік Ірану Алі Хамэнэі назначыў Гаані на гэтую пасаду адразу пасьля сьмерці папярэдняга камандзіра «Кудс» генэрала Касэма Сулеймані.

Эсмаіл Гаані (нар. 1957) камандаваў брыгадай падчас ірацка-іранскай вайны (1980–1988). У 1997 годзе яго назначылі намесьнікам камандзіра «Кудс» Касэма Сулеймані.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кім быў забіты ЗША іранскі генэрал і чаму яго сьмерць зьменіць сытуацыю на Блізкім Усходзе

Як намесьнік Сулеймані, Эсмаіл Гаані курыраваў фінансавыя выплаты ваенізаваным фармаваньням, у тым ліку праіранскай групоўцы «Хезбала». У 2012 годзе Міністэрства фінансаў ЗША ўнесла Гаані ў сьпіс асобаў, якім замарозілі актывы і забаранілі зьдзелкі з юрыдычнымі асобамі ЗША.

Пасьля сьмерці Сулеймані Гаані сказаў тэлеканалу «Аль-Джазіра»: «Будзьце цярплівымі і вы пабачыце трупы амэрыканцаў па ўсім Блізкім Усходзе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран атакаваў ракетамі вайсковыя базы ЗША ў Іраку

Генэрал Касэм Сулеймані быў забіты 3 студзеня ў выніку авіяўдару ЗША на лётнішча ў Багдадзе, ухваленага прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. Іран заявіў, што адпомсьціць ЗША за сьмерць Сулеймані.