Тэгеран сьцьвярджае, што можа дабіць да Бэрліну. Ракетны арсэнал Ірану адной карцінкай

Іран можа пахваліцца адным з самых буйных і разнастайных арсэналаў ракетнай зброі на Блізкім Усходзе. Ён валодае як крылатымі, так і балістычнымі ракетамі, а таксама ракетамі-носьбітамі. Хаця Іран мае балістычныя ракеты, здольныя несьці ядзерныя боегалоўкі, у яго пакуль няма ядзернай зброі.

Ноччу 8 студзеня Іран абстраляў вайскова-паветраную базу «Айн Аль-Асад» на захадзе Іраку і Эрбіль на поўначы, там раскватараваныя вайскоўцы ЗША.

У напрамку толькі адной з баз было выпушчана ня менш за дзесяць ракет, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША Джонатан Хофман. Паводле яго, ЗША чакалі магчымых удараў і прывялі базы ў стан поўнай баявой гатовасці. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ніводзін чалавек пры авіяўдары не пацярпеў, і анансаваў новыя санкцыі ў дачыненьні да Ірану.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі амэрыканскіх вайскоўцаў на Блізкім Усходзе. Адной карцінкай

Удары былі нанесеныя пасьля таго, як у Іраку паводле асабістага загаду Трампа быў забіты кіраўнік элітнага падраздзяленьня Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі генэрал Касэм Сулеймані. У Тэгеране ракетныя ўдары назвалі «законнай самаабаронай». Ірак ж запатрабаваў ад амэрыканскіх вайскоўцаў пакінуць краіну.