Самалёт «Міжнародных авіяліній Украіны», верагодна, быў зьбіты ў небе над Тэгеранам ракетай з зэнітна-ракетнага комплексу «Тор» расейскай вытворчасьці. Пра гэта піша Newsweek са спасылкай на крыніцы ў Пэнтагоне і высокапастаўленых супрацоўнікаў у выведках ЗША і Іраку.
Суразмоўца выданьня ў Пэнтагоне і крыніца ў выведцы ЗША сьцьвярджаюць, што лайнэр зьбілі выпадкова. Вэрсію аб выпадковым трапленьні ракеты ў самалёт таксама выказваюць крыніцы CNN і Associated Press.
Карэспандэнт CBS News піша, што ЗША зарэгістравалі ўключэньне іранскага радара і дзьве ўспышкі пуску ракет. Пасьля гэтага, як сьцьвярджаецца, рушыў усьлед выбух.
.@cbsnews: US officials are confident Ukrainian Flt 752 was shot down by Iran. US intelligence picked up signals of the radar being turned on & satellite detected infrared blips of 2 missile launches, probably SA-15s, followed shortly by another infrared blip of an explosion.
— Kris Van Cleave (@krisvancleave) January 9, 2020
Крыніцы Newsweek нагадваюць, што ўкраінскі самалёт перастаў перадаваць сыгнал празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту. Гэта адбылося неўзабаве пасьля атакі Ірана на ваенныя базы ЗША ў Іраку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пра катастрофу ўкраінскага самалёта ў Іране: «Адбылося нешта страшнае»«Падазраю, што хтосьці мог зрабіць памылку», — заявіў у чацьвер прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, дадае ВВС.
Канфлікт у рэгіёне абвастрылася ў пачатку студзеня пасьля забойства ЗША іранскага генэрала Касэма Сулеймані ў Багдадзе. Тэгеран тады паабяцаў Вашынгтону жорсткі адказ.
Цэнтральнае камандаваньне ЗША ад камэнтароў адмовілася.
Арганізацыя грамадзянскай авіяцыі Ірана вэрсію аб трапленьні ракеты ў «Боінг» адпрэчыла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тлумачым. Усё, што трэба ведаць пра канфлікт Ірану і ЗША. ВІДЭАРаней 9 студзеня прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзыдэнт Ірану Хасан Роўхані абмеркавалі парадак сумеснай працы ў рамках расьсьледаваньня авіякатастрофы. Іранскі лідэр паабяцаў, што Тэгеран прадставіць украінскім экспэртам доступ да ўсіх неабходных дадзеных.
Акрамя таго, Зяленскі правёў тэлефонныя перамовы з прадстаўнікамі Вялікабрытаніі і Швэцыі. Грамадзяне гэтых краінаў таксама знаходзіліся на борце зьбітага самалёту. Лёндан і Стакгольм заявілі, што гатовыя далучыцца да расьсьледаваньня.
Допуск спэцыялістаў на месца авіякатастрофы для аказаньня консульскіх паслугаў і ідэнтыфікацыі загінуўшых запрасіла Канада. Тэгеран і Атава ня маюць дыпляматычных адносінаў з 2012 году. Зараз аказаньнем консульскай дапамогі сваякам загінулых займаюцца дыпляматы ў пасольстве Канады ў Анкары.
Што вядома пра крушэньне:
- Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6.10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
- Усе на борце загінулі. На борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Авіякампанія МАУ апублікавала сьпісы загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу.
- Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
- Паводле папярэдніх зьвестак іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка. МАУ перадавала, што цяпер у Іране вэрсіі тэракту або ракетнай атакі выключаюцца, але пазьней выдаліла гэты сказ з прэс-рэлізу. У інтэрнэце ж распаўсюджваюцца розныя чуткі пра магчымую сувязь катастрофы з канфліктам Ірану і ЗША — ніякіх афіцыйных заяваў пра такую сувязь не было. Расьсьледаваньне маюць правесьці ўлады Ўкраіны і Ірану, кампанія Boeing. МАУ супрацоўнічае з украінскімі ўладамі, каб высьветліць прычыны катастрофы.
- Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.
-