Дасягненьні і паразы апазыцыі за 10 гадоў. Што кажуць самі апазыцыянэры

Мітынг-канцэрт на стагодзьдзе БНР у Менску, 25 сакавіка 2018

Свабода папрасіла апазыцыйных лідэраў расказаць пра памылкі і посьпехі апошняга дзесяцігодзьдзя.

Андрэй Дзьмітрыеў, адзін з кіраўнікоў «Гавары праўду»

  • Дасягненьне: «Гавары праўду» існуе ўжо 10 гадоў
  • Параза: старыя падыходы, бескарысныя дыскусіі, стэрэатыпныя дзеяньні

У гэтым годзе «Гавары праўду» спаўняецца 10 гадоў, і для мяне гэта дасягненьне. Але гэта і сымбаль галоўнай перамогі апазыцыі — новая стратэгія і падыход, якія дазволілі прыцягнуць у палітыку якасна новых людзей. Не рамантыкаў, як у 90-х, а тых, хто глядзіць на палітыку прагматычна. Яны хочуць, каб палітыка была сродкам рэалізацыі права на годнае жыцьцё, на працу, на здароўе, на адукацыю, на справядлівае разьмеркаваньне вынікаў працы.

Галоўная параза — нягледзячы на новы шлях і больш цьвярозае стаўленьне да сваіх магчымасьцяў, ня здолелі цалкам пераадолець моцную інэрцыю старых падыходаў, бескарысных дыскусій, стэрэатыпных дзеяньняў, надзеі на імгненную перамогу ў выніку цуду. Таму абясцэньваюцца рэальныя перамогі, не замацоўваецца посьпех, які можа стаць асновай для наступнага кроку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заробкі, дэвальвацыя, пэнсійны ўзрост. 10 нявыкананых абяцаньняў беларускіх уладаў за дзесяцігодзьдзе

Мікола Статкевіч, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада)

  • Дасягненьне: 80% беларускага народу ў апазыцыі да ўлады
  • Параза: апазыцыя перастала быць апазыцыяй

Галоўным дасягненьнем апазыцыі ў шырокім сэнсе гэтага слова за апошняе дзесяцігодзьдзе зьяўляецца тое, што ў апазыцыі да ўлады знаходзіцца мінімальна 80% беларускага народу.

Галоўная параза і няўдача — большасьць з так званай афіцыйнай апазыцыі — партыі, рухі, супольнасьць — яны перасталі быць апазыцыяй у сапраўдным сэнсе гэтага слова. Яны не змагаюцца за ўладу, яны не крытыкуюць яе. Яны не называюць рэчы сваімі імёнамі, баяцца кранаць першую асобу — віноўніка таго, што Беларусь не дэмакратычная. Віноўніка таго, што Беларусь зрабілася васалам Расеі і што яе незалежнасьці пагражае зьнікненьне. На жаль, трэба канстатаваць наступнае — уся зарэгістраваная ўладай апазыцыя, па сутнасьці, знаходзіцца пад яе кантролем.

Ганна Канапацкая, экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў

  • Дасягненьне: дэпутацтва Ганны Канапацкай у Палаце прадстаўнікоў
  • Параза: няздольнасьць апазыцыі аб’яднацца

Дасягненьнем апазыцыі апошніх 10 гадоў можа быць мой мандат апазыцыйнага дэпутата ў Палаце прадстаўнікоў. І тая праца, якая вялася. Гэта дало нам багаж перамогаў. Хто раней мог гаварыць пра тое, што нашыя законапраекты будуць унесеныя і разгледжаныя? Што артыкул 328 будзе зьменены, што заканадаўства ў галіне прадпрымальніцтва будзе зьмененае? Што ўлада пагодзіцца на зьмены дэкрэту аб дармаедзтве?

За апошнія гады было шмат зьменаў, якія сталі магчымымі толькі таму, што мы мелі дэпутацкі мандат. Была камунікацыя з уладамі. Калі было магчыма такое, каб за адным дыскусійным сталом сядзеў намесьнік міністра ці нават міністар — і я як дэпутат, а Віталь Рымашэўскі як прадстаўнік апазыцыі? А гэта ўжо рэальнасьць.

Лічу, што немагчымасьць аб’яднацца для апазыцыі нараджае вялікую колькасьць праблем. А таксама немагчымасьць рашэньня тых глябальных выклікаў, якія сёньня стаяць перад самой апазыцыяй і перад краінай у цэлым. Адсутнасьць адзінства замінае канструктыўнаму дыялёгу з уладай, замінае перамогам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфляцыя, ІТ, стасункі з Захадам. 10 выкананых абяцаньняў уладаў за мінулае дзесяцігодзьдзе

Юрась Губарэвіч, старшыня руху «За свабоду»

  • Дасягненьне: апазыцыя ўсё яшчэ актыўна дзейнічае
  • Параза: улада ў Беларусі дагэтуль не памянялася

Калі ў цэлым ацэньваць, то дасягненьнем мінулага дзесяцігодзьдзя можна назваць тое, што ў Беларусі захоўваецца і ў нейкай ступені актыўна дзейнічае альтэрнатыва рэжыму. Гэта і ёсьць дасягненьне апазыцыі. Лукашэнка ад пачатку свайго кіраваньня займаўся тым, што канцэнтраваў уладу ў сваіх руках, падаўляў іншадумства і альтэрнатыву. Тое, што мы захавалі непадкантрольныя Лукашэнку партыі і грамадзкія інстытуты, гэта ня дзякуючы Лукашэнку, а насуперак яму. Калі ў грамадзтва паўстае незадавальненьне, то яно ведае, да каго апэляваць, на чыю пазыцыю зьвярнуць увагу.

Галоўнай няўдачай можна лічыць тое, што рэжым у Беларусі да гэтага часу ня зьменены. Гэта можна сьпісваць на зьнешнія фактары і гэтак далей. Але я перакананы, што калі б была воля да супольнай дзейнасьці, аб’яднанай, то напэўна мы б дасягнулі большых вынікаў.

Вольга Кавалькова, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі

  • Дасягненьне: зьмены ў сфэры заканадаўства
  • Параза: адсутнасьць еднасьці ў апазыцыі

Галоўнае дасягненьне — гэта тыя рэальныя зьмены, якія былі дасягнутыя ў сфэры заканадаўства: па артыкуле 328, адмена дэкрэту аб дармаедзтве, зьмены закону аб ахове здароўя. Вырашэньне праблем людзей, якія ўладам не цікавыя. Для мяне асабіста дасягненьнем яшчэ было стварэньне Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.

А паразы — гэта адсутнасьць еднасьці ў апазыцыі. Як вынік, Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе.

Аляксей Янукевіч, намесьнік старшыні партыі БНФ

  • Дасягненьне: сьвяткаваньні БНР-100 і −101
  • Параза: нацыянальна-дэмакратычная апазыцыя не была прадстаўленая на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году

Пра дасягненьні ўсёй апазыцыі неяк цяжка казаць. Узровень супрацы ня быў моцным апошняе дзесяцігодзьдзе. Але калі казаць пра дасягненьні БНФ, то я б назваў сьвяткаваньні БНР-100 у Менску і БНР-101 у Горадні. Прычым у Менску я б падкрэсьліў тое, што дасягненьнем БНФ было разуменьне сытуацыі і здольнасьць адысьці на другі плян пры падрыхтоўцы мітынгу і канцэрту. Даць магчымасьць новым людзям весьці рэй на гэтым сьвяце і прыцягнуць новыя колы грамадзтва. Але пры гэтым БНФ, безумоўна, заставаўся ў працэсе.

Сьвяткаваньне ў Горадні — гэта, безумоўна, вельмі добры прыклад супрацоўніцтва партыяў і рухаў. Гарадзенская каманда пры ўдзеле блогераў і кіраўніцтва БНФ зрабіла вельмі добрую справу, якая для Горадні зьяўляецца як мінімум падзеяй дзесяцігодзьдзя.

Асноўнай няўдачай за мінулае дзесяцігодзьдзе я б назваў тое, што прэзыдэнцкія выбары 2015 году фактычна скончыліся тым, што з альтэрнатыўных кандыдатаў быў толькі прадстаўнік «Гавары праўду». І нацыянальна-дэмакратычная апазыцыя на гэтых выбарах аказалася не прадстаўленая. Цэлы пласт грамадзтва ня меў свайго голасу ў той выбарчай кампаніі.

Анатоль Лябедзька, былы кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі

  • Дасягненьне: выйгралі стратэгічную бітву за Беларусь
  • Параза: аўтарытарны рэжым застаецца

Я б тут не гаварыў толькі пра апазыцыю. Я б сказаў пра кааліцыю палітычных і грамадзкіх арганізацый і актыўных грамадзян. Агульнымі намаганьнямі за мінулае дзесяцігодзьдзе мы атрымалі стратэгічную перамогу. Вельмі шмат дробных і сярэдніх бітваў былі прайграныя, ствараецца ўражаньне, што гэта суцэльны масіў. Але стратэгічную бітву за Беларусь мы выйгралі.

Я ўзгадваю свае першыя суткі. Яны былі за акцыю ў абарону незалежнасьці. Тады можна было проста за «Жыве Беларусь» атрымаць суткі і гэтак далей. Цяпер гэты лёзунг на білбордах.

Па-другое, улада пакуль кропкава, фрагмэнтарна, але бярэ на ўзбраеньне тое, супраць чаго выступала доўгія-доўгія гады. Гэта рынкавая эканоміка. Лукашэнка раней рабіў стаўку на плянавую эканоміку, гаварыў пра прадпрымальнікаў як «вашывых блох». Зь цягам часу мяняліся ўрады, і яны выносілі на абмеркаваньне тое, што прапаноўвалася Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. Гэта таксама стратэгічная перамога.

Галоўная няўдача — у нас застаецца аўтарытарны рэжым. Ён то мацнее, то слабее, але сутнасьць яго не зьмяняецца. Мы страчваем час. А гэта вельмі моцны рэсурс для разьвіцьця. Усё ж такі 26 гадоў — гэта шмат страчаных магчымасьцяў.

Алена Анісім, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў

  • Дасягненьне: незалежная Беларусь і дзьве апазыцыянэркі ў Палаце прадстаўнікоў
  • Параза: не дамагліся зьменнасьці ўлады

Найбольшае дасягненьне апазыцыі за апошнія дзесяць гадоў — гэта ўсё ж тое, што Беларусь ёсьць. Таксама тое, што ў складзе Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня былі два прадстаўнікі ад апазыцыі.

Паразай усёй дэмакратычнай супольнасьці лічу тое, што мы так і не дамагліся, каб у Беларусі была зьменнасьць улады. Мы ня вельмі можам уплываць на тое, што там адбываецца.

Дзьмітры Кучук, намесьнік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя»

  • Дасягненьне: заканадаўчыя праекты
  • Параза: выбарчая кампанія 2015 году

Было падрыхтавана вельмі шмат заканадаўчых актаў, праектаў. Зьявілася выразнае разуменьне таго, што трэба рабіць, калі апазыцыя прыйдзе да ўлады.

Галоўнай паразай была выбарчая кампанія 2015 году, калі пасьля яе не было пратэстаў. Гэта стала вялікім расчараваньнем.