Жыхары Грушаўкі абвязалі дрэвы шалікамі супраць забудовы сквэру. Фотарэпартаж

На гэтым месцы могуць сьпілаваць дрэвы і пабудаваць шматпавярховы дом.

Напрыканцы 2017 году арганізацыя «Датч Стар» вырашыла пабудаваць дадатковыя сэкцыі да жылога комплексу «Гранд Хаўз» на месцы сквэру «Грушэўскі». Пры гэтым сквэр нібыта быў пад абаронай закону «Аб расьлінным сьвеце» і дзейнага праекту дэталёвага плянаваньня.

Мясцовыя жызары правялі акцыю ў абарону зялёнай тэрыторыі. З усіх бакоў квартал акружаны дарогамі і дамамі.

У красавіку 2018 году Менгарвыканкам паменшыў тэрыторыю сквэру настолькі, наколькі гэта было трэба для будаўніцтва. Мясцовыя жыхары зьвярнуліся ў пракуратуру ў сувязі з парушэньнямі закону, але ім без усялякіх аргумэнтаў адказалі: ніякіх парушэньняў няма.

«Мы хацелі зрабіць менавіта негвалтоўную акцыю. Проста сабраліся добраўпарадкаваць наш раён, каб у нас застаўся парк. На наш погляд, выканкам прыняў незаконнае рашэньне. І мы супраць гэтага. Па гэтай праблеме не было грамадзкіх слуханьняў. Усё гэта разам вымусіла нас выйсьці ў сквэр і павесіць гэтыя шалікі», – кажа мясцовы жыхар Дзяніс.

У сьнежні 2019 году Менгарвыканкам аб'явіў аб правядзеньні грамадзкіх абмеркаваньняў новага праекту дэталёвага плянаваньня. Частку сквэру абазначылі як вобласьць, прызначаную для забудовы. За некалькі дзён да пачатку абмеркаваньня іх скасавалі, каб дапрацаваць праект.

Тады мясцовы актывіст Антон Мацьвейчук зьвярнуўся ў гарадзкую пракуратуру з нагоды парушэньня межаў сквэру. Там яму зноў адказалі: парушэньняў няма. Тады Антон даслаў скаргу на гарадзкую пракуратуру ў генэральную пракуратуру.

Часовая паркоўка на тэрыторыі жылога комплексу.

30 сьнежня 2019 году Генэральная пракуратура перанакіравала скаргу ў гарадзкую пракуратуру, хоць скардзіліся як раз на яе бязьдзейнасьць. Адказу пакуль няма.

Цяпер на кадастравай мапе паказаны новы ўчастак для забудовы. Палова яго захоплівае межы сквэру. Актывісты лічаць, што пры гэтым груба парушаны дзейны праект дэталёвага плянаваньня, захаваньне якога абавязковае паводле закону «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасьці». Апроч таго, паводле іх, парушаныя закон «Аб расьлінным сьвеце» і закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» (у сувязі зь дзеяньнямі пракуратур).

Шалікі правісяць на дрэвах яшчэ дзень.

На пачатку студзеня актывіст Антон Мацьвейчук даслаў у адміністрацыю Маскоўскага раёну запыт. Адказ пакуль не атрыманы. З адказам ён плянуе падаваць скаргу ў суд.

Мясцовыя жыхары кажуць, што для іх сквэр – адзіны зялёны кавалак у раёне Грушаўкі. Падчас будаўніцтва ўжо зьнішчылі шмат дрэваў. У раёне жыве шмат моладзі і сем'яў з дзецьмі – пайсьці на шпацыр асабліва няма куды.