«Хюґе» па-беларуску. Трэнэрка фэйсфітнэсу: «Нашым жанчынам не хапае амэрыканскай усьмешкі»

«Можна адчуваць боль і быць абсалютна шчасьлівым чалавекам».

Слова дацкай мовы «хюґе» (hygge) літаральна азначае ўтульнасьць. Але ва ўсім сьвеце яно зрабіла фурор як сынонім скандынаўскага паняцьця шчасьця. Пра hygge пішуць кнігі, здымаюць фільмы і спрачаюцца ў сацыяльных сетках. У гэтым праекце Свабода шукае, як будзе hygge па-беларуску. Беларусы, якія ўмеюць адчуваць шчасьце, дапамагаюць знайсьці адказ.

  • Гераіня: Паліна Шчалко
  • Месца: Менск
  • Адукацыя: псыхалёгія (Менск), курсы фэйсфітнэсу (Францыя, Расея)
  • Дзейнасьць: спэцыяліст у натуральным амаладжэньні, фэйсфітнэс-трэнэрка, псыхоляг.
  • Узрост: 34 гады
  • Сямейнае становішча: замужам, трое дзяцей (6 год, 3 гады і 3 месяцы).
  • Даход: нестабільны, бывае больш за $500 у месяц.

Паліна з дачкой Мішэль

Мы сустракаемся зь сям’ёй Паліны ў іхнай кватэры пад вечар. Сям’я толькі вярнулася дахаты пасьля дзённых спраў. Яны ў хатнім адзеньні. Сяргей гатуе мяса, пахі далятаюць да гасьцёўні. Дома прасторна. Гарыць штучны камін. Паліна запарыла зёлкавую гарбату са скрыпеню і шалфею, для гасьцей купіла вэганскіх пірагоў.

«Хацела б сказаць, што прыгатавала іх сама, але не», — усьміхаецца яна.

«Рашэньне, якое мы прымаем штодня, калі прачынаемся ранкам»

«Калі вы ў мяне запыталіся пра шчасьце, мне нават ня трэба было рыхтавацца. Гэта мая тэма. У складаныя пэрыяды жыцьця я лавіла сябе на думцы, што нават калі мне кепска, жахліва, я ўсё адно шчасьлівая.

„Калі корміш грудзьмі, у цябе таксама такі прыліў“

Я не магу сказаць, што я шчасьлівая ад таго, што ў мяне ёсьць дзеці або муж, што я еду на адпачынак або за вакном сонца. Само па сабе ў мяне пэрманэнтнае пачуцьцё ўнутры. Пэўна, гэта зь дзяцінства, дзякуючы бацькам. Яны вучылі нават у кепскім шукаць сваё шчасьце.

Шчасьце — гэта справа нашых рук. Гэта рашэньне, якое мы прымаем штодня, калі прачынаемся ранкам.

Пяць дзён на тыдзень я прачынаюся, абдымаю дзяцей і кажу, „Дзякуй, Госпадзе, за гэтае шчасьце“. Калі корміш грудзьмі, у цябе таксама такі прыліў [шчасьця].

Паліна зь сям’ёй: муж Сяргей з маленькай Мішэль, сыны Дамір і Рэнат

Самыя шчасьлівыя моманты — гэта вечары і сьвяты. Мы так клясна правялі Новы год дома. Нават на ёлкі не хадзілі. Уключылі тэлевізію, хоць звычайна яе не глядзім. Муж зрабіў аліўе, я нешта сваё любімае, і [сьвяткавалі] усе разам на канапе, неяк прымітыўна. Але для мяне гэта было самае вялікае шчасьце. Не хацелася гасьцей, ісьці да некага. Хацелася падмацаваць дзяцей сваёй увагай, пабыць адзін з адным, пагаварыць. Гэта былі рэдкія, але каштоўныя моманты».

Як спалучаецца шчасьце з вашай прафэсійнай дзейнасьцю?

«Другі момант — мая праца. Я, пэўна, не атрымліваю такога задавальненьня ні ад чога, як калі ў мяне групы [трэнінгаў па фэйсфітнэсе]. У мяне пытаюцца, ці застаюцца потым сілы на ўласны фэйсфітнэс. Я разумею, што для мяне спачатку мая праца, а потым я дома прыбяруся, прыгатую ежу.

Блог Паліны ў інстаграме — адзін са складнікаў ейнай дзейнасьці

Я напаўняюся бясконца гэтай дзейнасьцю, аддачай ад дзяўчат. Мяне напаўняе кантакт, праца з жанчынамі, калі бачу іхнія твары, лёсы, гісторыі. Я бачу вынік сваёй працы. Ва ўсясьветным маштабе — ну што такое твар, зморшчынкі, падумаеш! Але мне пішуць падзякі, што муж заўважыў, што яна пасьвяжэла, што пачала сабе прысьвячаць час.

„Пачала займацца фэйсфітнэсам і стала больш поўна адчуваць шчасьце“

А я думаю: „Няўжо гэта я?“ Яны робяць мяне датычнай да сваіх малых прыемнасьцяў.

Калі я была маці трох дзяцей, жонкай любімага мужа, я была дастаткова шчасьлівая. Мне здавалася, што мне нічога ня трэба, у мяне ўсё добра. Калі я пачала займацца сваёй дзейнасьцю, я стала больш поўна адчуваць шчасьце.

Да групы ў мяне трымценьне. Я кожны раз перажываю лёгкі стрэс. Першыя 30 хвілін я яшчэ хвалююся, чырванею. А калі бачу, што яны даюць зваротную сувязь, я выдыхаю і нібыта лячу. Пад канец я стамляюся, але маю такое шчасьце, якое мяне запоўніла. Мне тады трэба крыху памаўчаць. Я сябе лаўлю на гэтым шчасьці».

Як вы разумееце, што гэта шчасьце?

«Часам у мяне наварочваюцца сьлёзы на вочы або ў носе казыча. Тады я разумею, што шчасьце або любоў не зьмяшчаюцца ўва мне. А бывае — проста спакой і ўдзячнасьць. Калі прачынаесься зь дзецьмі або засынаеш, калі я адчуваю ўдзячнасьць, — гэта для мяне сынонім шчасьця».

Чым пахне шчасьце?

«Пах майго аўсянага печыва з цынамонам. Пах кавы, хоць я каву ня п’ю, толькі муж. Пах сьвежасьпечанага хлеба, я некалі пякла хлеб. Пах хатняй утульнасьці. Пах дзіцячага малачка. Пах валасоў дзяцей, калі акунаюся ў дзіцячую галаву».

«Пах валасоў дзяцей, калі акунаюся ў дзіцячую галаву»

Як будзе «хюґе» па-беларуску?

«Для мяне гэта самаактуалізацыя, рэалізацыя свайго патэнцыялу. Каб у канцы жыцьця ты мог абярнуцца бяз сораму і горычы ў сэрцы і сказаць: „Гэта была я“. Мае дзеці, мая праца, мой унутраны асабісты рост.

Я больш шчасьлівая цяпер, чым 5 гадоў таму або раней. Ты зьмяняесься, расьцеш, разьвіваесься. Мы з мужам лечымся адзін аб аднаго, у нас цяпер зь ім мацней, чым было дагэтуль.

З часам я стала больш яскрава адчуваць шчасьце, удзячнасьць. Калі параўнаць дзяцінства, 18 гадоў і цяпер, то цяпер я значна больш шчасьлівая. У дзяцінстве ты бездапаможны, хочаш нешта ўзяць, але ня можаш, пакуль дарослыя не дазволяць. Ты ня можаш выбіраць, адзінае — чырвоныя калготкі ці зялёныя. Ты ня можаш кахаць, як мужчына і жанчына.

„Калі можаш бяз сораму і горычы сказаць: „Гэта была я““

Я думаю, шчасьце трэба здабываць сваімі рукамі. Гэта справа нашых рук. Можна сказаць: „Нешта мне не пашчасьціла зь лёсам“. Можна вырасьці ў любой сям’і і стаць шчасьлівым.

У мяне быў складаны пэрыяд на самым пачатку сямейнага жыцьця, з мужам былі канфлікты, дзіця моцна захварэла з тэмпэратурай 40, я захварэла, дзяржаўныя экзамэны, якія я не пасьпявала вучыць, канфлікт з мамай. Гэта было два тыдні або месяц.

Я памятаю дзень, калі я зразумела, што ў мяне пераломны пэрыяд, мне кепска на душы, баліць, непакоіць, я не адчуваю ўпэўненасьці, але ў той жа момант я адчувала шчасьце. Калі хварэе дзіця, гэта не пазбаўляе жанчыну яе права на шчасьце. Яна застаецца мамай, якая любіць, якая клапоціцца, але яна можа дазволіць сабе быць шчасьлівай.

Сын Рэнат

Аднойчы Рэнат быў у шпіталі, досыць доўга, вельмі сур’ёзна. Тады мне было вельмі страшна. Я тады нават вастрэй адчувала любоў, шчасьце на жывёльным узроўні ўпярэмешку са страхам, але гэта было вельмі моцна».

Як зрабіць шчасьце?

«Гэта шлях. Кажуць, шчасьце — ня станцыя прызначэньня, а спосаб падарожнічаць. Нельга прыйсьці ў пункт, дзе я шчасьлівы і не хачу нічога зьмяняць. Не. Я не імкнуся абавязкова зьведаць шчасьце. Ты проста робіш сваю справу, жывеш сваё жыцьцё. Жыць сваё, рабіць сваё. Можа, ня зь першага разу і ня зь пятага прыцэліцца правільна, зрабіць памылкі, вярнуцца назад, зноў ісьці. Дакладна не статычная гісторыя.

У мяне былі розныя пэрыяды: зусім няма грошай, кепскае надвор’е, няма чаго апрануць, няма грошай на садавіну, калі малыя дзеці. Але ніколі я не сказала: „Чаму я такая нешчасьлівая, чаму мне так ня шчасьціць?“ Хоць я не такі ўжо аптыміст.

„Шчасьце трэба здабываць сваімі рукамі“

Мне ў інстаграм многія пішуць: „Мне здаецца, вы такая лёгкая, душэўная, духоўная“. Я заўсёды кажу: „Ня трэба“. Можа, раней мне хацелася здавацца такой. Я думала, што я такая і была насамрэч. Думаю, гэта быў мой спосаб не перажываць аб нечым, абарончая рэакцыя. Цяпер я розная, магу быць і недушэўнай, і недухоўнай, але стараюся глядзець шырэй, чым у вузкі калідор свайго нэгатыву».

Беларусы — шчасьлівая нацыя?

„Нашым жанчынам не хапае крыху штучнай амэрыканскай усьмешкі“

«Я ня ведаю. Я вельмі часта гляджу на твары жанчын, на міміку, параўноўваю, калі мы падарожнічаем. У Тайляндзе ўсе ўсьмешлівыя. У нас праблема. У нашых жанчын часта падціснутыя вусны. Па вуснах я бачу, як чалавек настроены. Сёньня глядзела ў банку, якія ўсе нахмураныя. Але ў мяне няма прафэсійнай дэфармацыі, што я ўсіх увесь час чытаю.

„Зьмяняем выраз твару — зьмяняем настрой“

Ёсьць тэорыя, што мы можам усьміхацца празь сілу і станавіцца больш шчасьлівымі. Я думаю, нашым жанчынам не хапае крыху штучнай амэрыканскай усьмешкі, бо гэта магло б зрабіць іх унутры больш шчасьлівымі. Я адчуваю гэта на сабе. Бывае, ранкам устала і ўжо стамілася. Я пачынаю рабіць практыкаваньні для твару і бачу, як у мяне паляпшаецца настрой, зьяўляецца бадзёрасьць».

У чым сакрэт шчасьця?

«Выбіраць шчасьце».

«Выбіраць шчасьце»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Даніі — hygge, у швэдаў — lagom. А якая філязофія шчасьця ў беларусаў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як быць шчасьлівым у «апошняй дыктатуры Эўропы»? Тлумачыць кіраўнік данскага Інстытуту шчасьця