Агрэсія Расеі, інтэграцыя ў NATO. Што абмяркоўваў дзяржсакратар ЗША з уладамі Ўкраіны

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо (зьлева) і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Злучаныя Штаты Амэрыкі падтрымліваюць імкненьні Ўкраіны ўмацаваць дачыненьні з Эўразьвязам і ўступіць у Паўночна-атлянтычны альянс.

Як паведаміў пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо, у часе перамоваў таксама абмяркоўваліся стасункі Ўкраіны з Расеяй.

«ЗША падтрымліваюць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Мы таксама падтрымліваем памкненьні Ўкраіны далучыцца да NATO і больш цесных дачыненьняў з Эўразьвязам», — заявіў Майк Пампэо.

Паводле яго, ЗША ніколі не прызнаюць расейскую юрысдыкцыю анэксаванага Крыму.

«Летась са сваімі партнэрамі мы скаардынавалі санкцыі ў адказ на справакаваную Расеяй атаку на ўкраінскія караблі ў Керчанскай затоцы два гады таму. І ў сьнежні мы падоўжылі санкцыі супраць Паўночнага патоку-2», — сказаў дзяржсакратар ЗША.

Пампэо нагадаў, што з 2017 году ЗША надалі дапамогу ў галіне бясьпекі больш як на 1 мільярд даляраў:

«Гэта будзе працягвацца. Мы будзем шукаць дыпляматычныя рашэньні, каб забясьпечыць Украіне бясьпеку».

Таксама дзяржсакратар ЗША паведаміў аб намеры спрыяць Украіне інвэстыцыямі і ў правядзеньні рэформаў у сфэры верхавенства права і барацьбы з карупцыяй.

У сваю чаргу прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выказаў спадзеў, што ЗША будуць больш актыўна дапамагаць ўрэгуляванью сытуацыі на Данбасе і ў дэакупацыі Крыму:

«ЗША былі, ёсьць і будуць нашымі ключавымі хаўрусьнікамі ў абароне сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Мы ўдзячныя за пазыцыю адносна вайны на Данбасе і незаконнай анэксіі Крыму. Сёньня я выказаў спадзеў, што ЗША будуць больш уцягвацца ў працэс мірнага ўрэгуляваньня на ўсходзе Ўкраіны і дэакупацыі Крыму праз прызначэньне асобнага чыноўніка Дзярждэпартамэнту ў гэтых пытаньнях».

Перад афіцыйнымі сустрэчамі з прадстаўнікамі ўкраінскай улады Майкл Пампэо наведаў Міхайлаўскі сабор і ўшанаваў памяць украінцаў, якія загінулі, абараняючы тэрытарыяльную цэласнасьць краіны на Данбасе.

Дзяржаўны сакратар ЗША правёў асобную сустрэчу з кіраўніком Праваслаўнай царквы Ўкраіны мітрапалітам Эпіфаніем.

Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе Кіеўскай мітраполіі ПЦУ, у часе сустрэчы асаблівая ўвага была скіравана на выкліках для Праваслаўнай царквы Ўкраіны на Данбасе і ў Крыме, якія знаходзяцца пад кантролем Расеі.

Майк Пампэо падчас сустрэчы з кіраўніком Праваслаўнай царквы Ўкраіны мітрапалітам Эпіфаніем

«Нарэшце, мне вельмі прыемна тое, што Грэцкая і Александрыйская праваслаўная царква прызналі Праваслаўную царкву Ўкраіны як аўтакефальную. Расея ніколі не павінна стаяць на дарозе», — заявіў Майк Пампэо.

Кіраўнік Праваслаўнай царквы Ўкраіны падзякаваў ЗША за падтрымку Ўкраіны ў часе расейскай агрэсіі і заклікаў амэрыканскую адміністрацыю ўзмацніць санкцыі супраць Расеі для поўнага прыпыненьня парушэньня правоў чалавека на акупаваных тэрыторыях, вызваленьня іх ад акупацыі і аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

Кіраўнік Праваслаўнай царквы Ўкраіны мітрапаліт Эпіфаній (зьлева) і дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо (у цэнтры)

1 лютага Майк Пампэо прыбудзе ў Менск, дзе сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Напярэдадні прыезду дзяржсакратара ЗША ў Менск беларускія партыі перадалі зварот на яго імя