Як сьвет шукае лек ад новага каранавірусу

Тайвань, матацыклісты ў масках, 30 студзеня 2020

Распаўсюджаньне новага каранавірусу ў Кітаі спарадзіла салідарныя высілкі ва ўсім сьвеце дзеля таго, каб знайсьці вакцыну і прафіляктыку, якія маглі б прадухіліць усясьветную эпідэмію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад каранавіруса памерлі ўжо 213 чалавек. Сусьветная арганізацыя здароўя: глябальная небясьпека!

Прапануем кароткі агляд дзеяньняў і ініцыятываў у пошуках эфэктыўнага лячэньня ад каранавірусу 2019-nCoV.

Украінскі турыст прыляцеў з Кітаю. Кіеў, Барыспаль, 30 студзеня 2020

Вакцына з Ганконгу

Навукоўцы з Ганконгу заявілі 28 студзеня, што распрацавалі вакцыну ад новага каранавірусу. Пачаць выкарыстоўваць яе, аднак, можна будзе толькі пасьля клінічных выпрабаваньняў.

«Мы ўжо выпрацавалі вакцыну, але тэставаньне на жывёлах зойме шмат часу», — сказаў экспэрт у інфэкцыйных хваробах прафэсар Юэн Квок-Юнг.

Паводле яго, выпрабаваньні на жывёлах будуць працягвацца некалькі месяцаў, яшчэ мінімум год спатрэбіцца, каб правесьці клінічныя выпрабаваньні на людзях, перш чым вакцыну можна будзе выкарыстоўваць.

Дэзынфэкцыя самалёта кампаніі Thai Airways

Кітай выдзеліў 4 мільярды даляраў

Міністэрства фінансаў КНР паведаміла, што агулам выдзеліла 3,96 мільярда даляраў на барацьбу з пнэўманіяй, выкліканай новым каранавірусам.

Дыягнастычны тэст Novacyt

Міжнародная дыягнастычная кампанія Novacyt паведаміла 31 студзеня, што распрацавала тэст для дыягностыкі новага каранавірусу. Кампанія лічыць, што тэст здольны выявіць штам віруса 2019 году, «што адрозьнівае яго ад іншых тэстаў, якія менш спэцыфічныя і могуць рэагаваць на іншыя роднасныя віды, што можа прывесьці да памылковага дыягназу».

Пэкінскі аўтавакзал, 26 студзеня 2020

Кітайскі экспрэс-тэст

Экспрэс-тэст для выяўленьня новага тыпу каранавірусу распрацавалі ў кітайскім горадзе Усі. Як паведамляе 31 студзеня агенцтва Сіньхуа, набор дазваляе атрымліваць вынік на працягу 8–15 хвілін. Паводле агенцтва, экспрэс-тэст мае высокую адчувальнасьць, яго проста выкарыстоўваць і зручна транспартаваць. Вытворчасьць экспрэс-тэсту ўжо пачалася. На дадзеным этапе яго аб’ёмаў дастаткова, каб правесьці аналізы для прыблізна 4 тысяч чалавек у дзень.

Пасажыры на чыгуначным вакзале ў Ганконгу, 24 студзеня 2020

Над вакцынай працуюць японцы...

Спэцыялісты японскага Нацыянальнага інстытуту інфэкцыйных захворваньняў першыя ў Японіі вылучылі геном каранавірусу 2019-nCoV. У японскім інстытуце разьлічваюць, што гэта дапаможа пры стварэньні вакцыны і лячэньні выкліканых вірусам захворваньняў.

...Johnson & Johnson...

Амэрыканская кампанія Johnson & Johnson — вытворца касмэтычных і санітарна-гігіенічных тавараў і мэдычнага абсталяваньня — заявіла, што працуе над стварэньнем вакцыны супраць каранавірусу 2019-nCoV. Паводле агенцтва Reuters, кампанія будзе выкарыстоўваць тэхналёгію, задзейнічаную ёю пры вытворчасьці экспэрымэнтальнай вакцыны супраць вірусу Эбола, якую цяпер ужываюць у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Руандзе.

...і Расея

Над стварэньнем вакцыны ад новага тыпу каранавірусу пачалі працаваць два навукова-дасьледчыя інстытуты, паведамілі расейскія СМІ 27 студзеня, не называючы гэтых інстытутаў.

У інфэкцыйнай лябараторыі ў Томску, Расея, 28 студзеня 2020

14,5 мільёна даляраў ад «Алібабы»

Дабрачынны фонд заснавальніка кітайскага онлайн-рытэйлера Alibaba Джэка Ма ахвяраваў 100 мільёнаў юаняў (каля 14,53 мільёна даляраў) на правядзеньне дасьледаваньняў і распрацоўку вакцыны ад каранавірусу.

Аўстралійцы стварылі каранавірус у лябараторыі

Каманда навукоўцаў у Аўстраліі заявіла 29 студзеня, што яны пасьпяхова распрацавалі лябараторную вэрсію новага каранавірусу, якая дапаможа паскорыць стварэньне вакцыны ад яго. Пра гэта аўстралійцы паведамілі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя і лябараторыям па ўсім сьвеце.

У падрыхтоўцы публікацыі выкарыстаныя матэрыялы інфармацыйных агенцтваў Reuters, AFP, Сіньхуа, Інтэрфакс і ТАСС.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ