Урад Расеі вырашыў спрасьціць атрыманьне расейскага грамадзянства

Урад Расеі рыхтуе законапраект, паводле якога замежнікі змогуць атрымліваць расейскае грамадзянства, не адмаўляючыся ад ужо наяўнага. Пра гэта піша «Коммерсантъ».

Адпаведныя папраўкі ў закон «Аб грамадзянстве РФ» ужо амаль гатовыя і могуць быць унесеныя ў Дзяржаўную думу ў лютым.

Паводле словаў дэпутата Леаніда Калашнікава, які ўваходзіць у працоўную групу па рэалізацыі канцэпцыі дзяржаўнай міграцыйнай палітыкі, у закон аб грамадзянстве могуць унесьці і іншыя зьмены. У прыватнасьці, адмяніць норму аб бесьперапынным пражываньні просьбіта ў Расеі на працягу пяці гадоў і пункт аб неабходнасьці пацьвярджаць законнасьць крыніц сродкаў на існаваньне.

У канцы студзеня 2020 году МУС Расеі выступіла за адмену спэцыяльнай гутаркі для праверки веданьня расейскай мовы пры атрыманьні расейскага грамадзянства ўкраінцамі і беларусамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі разглядаюць законапраект аб прызнаньні ўкраінцаў і беларусаў носьбітамі расейскай мовы

Працоўная група па рэалізацыі канцэпцыі дзяржаўнай міграцыйнай палітыкі, якая падрыхтавала згаданыя папраўкі, была створаная ў сакавіку 2019 году распараджэньнем прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна. Задача гэтай групы — прыцягнуць у Расію як мага больш новых грамадзян, ад 5 да 10 мільёнаў.

У ліпені летась Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб пашырэньні спрошчанага парадку атрыманьня расейскага грамадзянства для ўсіх жыхароў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны. Раней расуйскі пашпарт паводле гэтай працэдуры маглі атрымаць толькі жыхары так званых «ДНР» і «ЛНР».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін спрасьціў атрыманьне расейскага грамадзянства для жыхароў дзьвюх вобласьцяў Украіны

Урад Украіны прызнаў незаконнымі расейскія пашпарты, выдадзеныя паводле гэтай працэдуры. З аналягічнымі заявамі выступілі ўлады Канады і прадстаўнікі Эўразьвязу.