Прэм'ер Літвы: Краіны Балтыі дамовіліся не купляць электраэнэргію зь Беларускай АЭС

Сьцягі Літвы, Латвіі і Эстоніі

Краіны Балтыі абавязаліся падпісаць дэклярацыю аб намерах не купляць электраэнэргію з Астравецкай АЭС.

Пра гэта паведамляе «Наша ніва» са спасылкай на прэсавую службу літоўскага прэм’ера.

«Мы радыя, што набліжаемся да агульнай пазыцыі балтыйскіх дзяржаваў не купляць электраэнэргію з небясьпечнай АЭС "Астравец". Трэба прадухіліць і імпарт электраэнэргіі з АЭС "Астравец" праз Расею. Я таксама не сумняюся, што разам з Латвіяй і Эстоніяй і Эўракамісіяй мы знойдзем рашэньне адносна належнага кантролю за паходжаньнем электраэнэргіі, якая паступае ў нашыя сеткі з трэціх краін» — сказаў прэмʼер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва настойвае на дадатковых захадах бясьпекі на Беларускай АЭС

Паводле яго словаў, краіны Балтыі імкнуцца да далейшага разьвіцьця агульнага рынку прыроднага газу ў рэгіёне, улічваючы стратэгічнае значэньне тэрміналу звадкаванага прыроднага газу, які пасьпяхова працуе на працягу 5 гадоў у Клайпедзе.