Лукашэнка выдзеліў 85 мільёнаў даляраў на запуск не дабудаванага кітайцамі заводу ў Добрушы

Папяровая фабрыка «Герой працы» у Добрушы

Зь бюджэту Беларусі выдзеляць пазыку 186,2 мільёна рублёў (каля 85 мільёнаў даляраў), каб дабудаваць комплекс для вытворчасьці мелаваных і немелаваных відаў кардону Добрускай папяровай фабрыкі «Герой працы».

Адпаведны ўказ, які падпісаў Аляксандар Лукашэнка, апублікаваны 12 лютага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Увесьці ў эксплюатацыю комплекс плянуюць у 2020 годзе, а вывесьці яго на праектную магутнасьць — у 2022-м. Падрадчыкам па запуску асноўнага абсталяваньня выступіць аўстрыйская кампанія «Andritz AG».

Бюджэтную пазыку забудоўніку даюць для набыцьця абсталяваньня, аплаты праектных, пошукавых, будаўніча-мантажных, пусканаладачных работ і паслуг. Грошы даюцца пад 3% гадавых і павінны быць вернутыя на працягу 2023-2030 гадоў.

Указам таксама даецца шэраг ільготаў у падаткаабкладаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можна чакаць звышпрыбыткаў ад вытворчасьці паперы, попыт на якую падае

Завод для выпуску мелаваных і немелаваных відаў кардону ў Добрушы (Гомельская вобласьць) павінны былі ўвесьці ў эксплюатацыю яшчэ ў 2015 годзе, але кітайская кампанія «Сюань Юань», якая займалася будаўніцтвам, неаднаразова зрывала тэрміны з прычыны праблем зь фінансаваньнем. У 2018 годзе кантракт зь ёй скасавалі. З пачатку рэалізацыі праекту кітайскай кампаніі заплацілі больш за 265 мільёнаў даляраў.

Паводле старшыні канцэрну «Беллеспаперапрам» Юрыя Назарава, цяпер завод гатовы на 90% (хаця ў кастрычніку 2019 кіраўнік Камітэту дзяржкантролю заяўляў пра гатоўнасьць у 95%). Для завяршэньня інвэстпраекту прадугледжвалася пазычыць зь бюджэту 83 мільёны даляраў.

Падчас візыту на завод 4 лютага Аляксандар Лукашэнка спытаў: «Навошта столькі грошай для гэтага, калі ўсё ёсьць?». Назараў патлумачыў, што палову грошай аддадуць аўстрыйскай кампаніі Andritz, якая будзе праводзіць запуск абсталяваньня, бо ў Беларусі няма дастаткова кампэтэнтных спэцыялістаў. Пасьля гэтага Лукашэнка паабяцаў падпісаць указ аб фінансаваньні і заявіў, што завод запусьцяць да канца 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам і радыяцыі хапае» — у Добрускім раёне сяляне пратэстуюць супраць звалкі папяровай фабрыкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Cмурод ад заводу каля Сьветлагорску: людзі скардзяцца на прыступы ўдушша і кроў з носу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шклоўская папера: дрэнная якасьць па розных коштах