У Кітаі зафіксавалі рэзкі скачок заражэньняў і сьмерцяў ад каранавірусу

Мэдыцынскі работнік у ахоўным касьцюме перамяшчае новага пацыента з каранавірусам на інвалідным крэсьле ў лякарні горада Ўхань, 10 лютага 2020 году

Колькасьць людзей у кітайскай правінцыі Хубэй, у якіх выявілі каранавірус COVID-19, 13 лютага нечакана павялічылася ў разы ў параўнаньні з папярэднімі днямі і склала 14 840 выпадкаў (амаль 13,5 тысячы зь іх — ва Ўхані), паведамляе Камітэт у пытаньнях гігіены і аховы здароўя рэгіёну.

Да гэтага колькасьць тых, хто заразіўся, павялічвалася ў сярэднім на 1,5-2,5 тысячы чалавек штодня. Кітайскія ўлады патлумачылі такі рост тым, што зьмянілі мэтад дыягнаставаньня.

Павялічылася і колькасьць памерлых — за апошнія суткі ад каранавірусу ў правінцыі Хубэй памерлі 242 чалавекі, зь іх 216 — у горадзе Ўхань. Па ўсім сьвеце пацьверджаныя 1,369 сьмерцяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітайцаў, якія вяртаюцца з вакацый, адправяць у карантын пад Радашкавічы 

Агулам у правінцыі Хубэй пацьверджана 48 206 выпадкаў заражэньня каранавірусам COVID-19 (па ўсім сьвеце — больш за 60 тысяч). У лякарнях правінцыі знаходзяцца 33 693 чалавекі, стан 5,6 тысячы ацэньваецца як крытычны. Паправіліся і выпісаліся са шпіталёў 3 441 пацыент.

Як паведамілі напярэдадні ў Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, цяпер у распрацоўцы знаходзяцца чатыры вакцыны супраць каранавірусу, дзьве зь іх могуць пачаць тэставаць на людзях праз тры-чатыры месяцы.

Праз эпідэмію каранавірусу ўжо адмянілі або адклалі некалькі масавых мерапрыемстваў. 12 лютага Міжнародная аўтамабільная фэдэрацыя (FIA) прыняла рашэньне перанесьці на больш позьні тэрмін правядзеньне Гран-пры «Формулы-1» у Кітаі. У той жа дзень арганізатары выставы Сусьветнага мабільнага кангрэсу ў Барсэлёне канчаткова пацьвердзілі інфармацыю аб яе адмене ў сувязі з пагрозай распаўсюду каранавірусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб прадухіліць паніку». У Бабруйску пачалі шыць чатырохслойныя маскі супраць каранавірусу

Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік 12 лютага расказаў, што выпадкаў захворваньня ў Беларусі не зафіксавана. Паводле яго, з 30 студзеня пераведзеныя ў рэжым павышанай гатоўнасьці санітарна-эпідэміялягічная служба, хуткая мэдыцынская дапамога, усе арганізацыі аховы здароўя; створаныя неабходныя рэзэрвы лекаў, сродкаў індывідуальнай абароны.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ