«Просяцца: адпусціце, пойдзем у калгас гной грузіць», — Лукашэнка пра затрыманых у «цукровай справе»

Аляксандар Лукашэнка

У час працоўнай паездкі ў Гомельскую вобласьць 14 лютага Аляксандар Лукашэнка згадаў «цукровую справу», у межах якой былі затрыманыя ўсе кіраўнікі цукровых заводаў Беларусі.

Хоць гэтае выказваньне не перадае прэс-служба Лукашэнкі, яго паказвае дзяржаўны тэлеканал АНТ:

«Вось сядзяць цяпер і просяцца: адпусьціце, пойдзем у калгас гной грузіць, — казаў Лукашэнка пра затрыманых дырэктараў цукровых заводаў. — Я кажу: мы ўжо віламі гной ня грузім, таму сядзіце.

Прызналіся, дзе кралі, усё пааддавалі — кажуць, усё забірайце, толькі ў турму не саджайце! А хто цябе пасадзіў у турму? Ты сам сябе пасадзіў. Я ўвесь час кажу: не чапай чужое. Не чапай! Асабліва кіраўнік».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хабары на мільёны даляраў і «дах» намесьніка кіраўніка ГУБАЗіК. БТ паказала расьсьледаваньне «Цукровая мафія»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разабрацца жэстачайшэ!» Да якіх крымінальных спраў спрычыніўся Лукашэнка і чым гэта закончылася
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-міністар спорту і турызму, якога Лукашэнка звольніў за карупцыю, уладкаваўся ў Федэрацыю шахмат

Як атрымліваюцца найпрыгажэйшыя дзеці

Ананімны Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі, распаўсюдзіў таксама відэа, на якім Лукашэнка гутарыць з працаўніком Сьветлагорскага цэлюлёзнага камбінату — выхадцам з Эгіпту, які 7 гадоў жыве ў Беларусі, ажаніўся і займеў дзіця.

«Самыя прыгожыя дзеці — гэта калі эгіпцяне, лібійцы, сырыйцы, іракцы, іранцы жэняцца на нашых дзяўчатах. Самыя прыгожыя дзеці!» — сказаў яму Лукашэнка і паабяцаў перадаць прэзыдэнту Эгіпту іх супольнае фота.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: Вазіць гной на палі — таксама праца ўраду
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі ў Беларусі фэрмаў з «абас…ымі каровамі» і чаму так склалася. Тлумачыць Ярашук

Качанаву — прэзыдэнткай?

Прэс-служба Лукашэнкі ў афіцыйным паведамленьні перадае такое ягонае выказваньне адносна таго, што Ўладзімер Пуцін нібыта хацеў затрымацца на пасадзе за кошт далучэньня Беларусі.

«Няма ў Пуціна такой мэты, — казаў Лукашэнка. — А калі і была, то мы два гады таму дамовіліся: ніякага ўваходжаньня Беларусі ў Расею быць ня можа. Але я пажартаваў — у кожным жарце ёсьць доля жарту — адзіную дзяржаву магчыма, калі Расея ўступіць у склад Беларусі, калі беларускі прэзыдэнт стане прэзыдэнтам гэтай абʼяднанай дзяржавы.

Не абавязкова Лукашэнка. Можа, ваш кіраўнік. А лепш за ўсё Натальля Іванаўна Качанава — першая жанчына, але надзейная будзе. Чаму мы можам туды ўступіць, а яны не? І калі б расейцам мы гэтую альтэрнатыву прапанавалі, яны б маглі і не адмовіцца».

Натальля Качанава — старшыня Савету Рэспублікі, сябра Савету бясьпекі, былая кіраўніца Адміністрацыі Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыгразіў забіраць расейскую транзытную нафту
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што ўгаварыў Пуціна адтэрмінаваць выплату крэдыту па БелАЭС, у Расеі кажуць іншае
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нічога новага. Лукашэнка гаворыць пра «інкарпарацыю» з боку Расеі ўжо 18 гадоў