Палякі даводзяць да ладу родны дом Чэслава Немэна ў Старых Васілішках. Ён быў заплянаваны пад знос

Адноўлены дах на хаце Выдрыцкіх

У Старых Васілішках на Шчучыншчыне пры фінансавай дапамозе Польшчы перакрылі дах — замест шыфэру паклалі драніцы — на доме, дзе нарадзіўся Чэслаў Выдрыцкі. Выбітны музыка, кампазытар і выканаўца вядомы пад псэўданімам Немэн, узятым у гонар ракі ягонага дзяцінства. А яшчэ колькі гадоў таму хату плянавалі пад знос.​

Клюб-музэй Чэслава Немэна ў Старых Васілішках

16 лютага Чэславу Немэну споўніўся б 81 год — ён адышоў у іншы сьвет у 2004-м. Без малога 20 першых гадоў ягонага жыцьця прайшлі ў Старых Васілішках — проста Васілішкі і аднайменны аграгарадок дзесьці за 1,5 кілямэтра адгэтуль.

Чэсь нарадзіўся ў апошні год польскага панаваньня на заходнебеларускіх землях. Прыход бальшавікоў выклікаў хвалю міграцыі на «мацерыковую» Польшчу. Выдрыцкія — бацькі, старэйшая дачка Ядзьвіга і сын — трывалі да 1958-га, пакінуўшы радзіму толькі ў апошнюю легальную магчымасьць. Далей выпускаць палякаў за межы СССР савецкі ўрад не зьбіраўся.

Дырэктар музэю Ўладзімер Сянюта

«Чаму Выдрыцкія чакалі так доўга? — перапытвае дырэктар клюбу-музэю Ўладзімер Сянюта. — Сям’я жыла добра перадусім за кошт залатых рук бацькі, Антона. Разам са сваім братам Віктарам яны былі рымары, выраблялі вупраж для коней. Акрамя таго, тата быў выдатным шаўцом, шыў боты, якія замаўляла заможнае панства. Таксама настройваў розныя інструмэнты (дома было сваё піяніна), даглядаў касьцельны арган і часам падмяняў арганіста. Быў заснавальнікам духавога аркестру — на ўвесь Шчучынскі раён такога аркестру няма па сёньня. Таму жылі добра, у доме заўсёды быў хлеб з маслам».

Ужо з Польшчы ў лістах да сваякоў Антон Выдрыцкі пісаў, што для сябе зрабіў «найвялікшае глупства», бо кожны грош даводзілася зарабляць цяжкай працай. Але думаў найперш пра Чэсіка, чый талент на радзіме мог проста згаснуць.

Дзіцячыя малюнкі Чэсіка

Сам Чэслаў меў раскошу выбіраць паміж маляваньнем і музыкай. Нядаўна на гарышчы дома знайшлі ягоныя дзіцячыя малюнкі, у музэі захоўваецца партрэт будучай жонкі Марысі ды іншыя замалёўкі. А паралельна Чэслаў сьпяваў зь сястрой у царкоўным хоры, захапляўся фальклёрам.

Рэпатрыяцыя дзеля сына

У 1954 годзе ён паступіў у Горадзенскую музычна-пэдагагічную вучэльню, але энтузіязму хапіла ненадоўга — не хацеў распыляцца паміж музыкай і абавязковай сярэдняй адукацыяй. У выніку выключылі за прагулы, і ён вярнуўся ў родную школу.

Партрэт музыкі ў сенцах

Як удакладняе Ўладзімер Сянюта, хоць сямейнае і вулічнае асяродзьдзе збольшага заставалася польска-беларускамоўным, школа ўжо была пераведзеная на расейскую. Васілішкі былі раённым цэнтрам, а гэтая акалічнасьць вымагала русыфікацыі. У выніку месьцічы размаўлялі на тутэйшай мове — сумесі з усіх наяўных.

Касьцёл у Старых Васілішках

Паступова Чэслаў добра асвоіў музычныя інструмэнты — піяніна, акардэон, гітару, яго запрашалі граць на вясельлях. Але надышоў час, калі Выдрыцкія сур’ёзна задумаліся пра Польшчу — брат і сястра Антона зьехалі туды ў першыя хвалі рэпатрыяцыі.

Прысьпешыла зборы пэрспэктыва войска, якая замаячыла перад Чэславам. Служылі тады ад 3 да 5 гадоў, што для творчай натуры было забойча. Тым больш саветы зачынілі касьцёл, дзе яго хрысьцілі, а гэта быў жорсткі ўдар для шчырых вернікаў.

Мэмарыяльная дошка ў касьцёле

Спачатку перасяленцы аселі ў Свэбодзіне, потым некалькі разоў пераяжджалі — Бялогард, Калобжэг — і ўрэшце спыніліся ў Гданьску. Там Чэслаў канчаткова зрабіў выбар на карысьць музыкі, паступіўшы ў школу на кляс фаготу. Зрэшты, таксама ня скончыў — перашкодзіла сьмерць бацькі.

Партрэт Марыі Клаўзунік работы Чэслава Выдрыцкага

У 19 гадоў, перад самым ад'ездам у Польшчу, ажаніўся з аднавяскоўкай Марысяй Клаўзунік. Праз год яна аформіла патрэбныя дакумэнты і таксама зьехала з Васілішак, уладкавалася на працу мэдсястрой. Маладая сям’я пасялілася ў Сопаце.

На пачатку 1970-х іх шлюб распаўся, малая дачка Марыйка засталася з маці. Чэслаў ажаніўся другі раз. Некалькі гадоў таму дачка ад другога шлюбу Натальля наведалася на радзіму бацькі ў Старыя Васілішкі.

Драўляная скульптура аўтара гіта Dziwny jest ten świat

У канцы 1950-х пачаў выступаць як выканаўца-аматар, а ў 1963-м пасьля ўдзелу ў Першым фэстывалі польскай песьні ў Аполі пра Чэслава Выдрыцкага загаварылі як пра таленавітага выканаўцу. У гонар Нёмана, на якім вырас, узяў сабе за псэўданім ягоную польскую назву і ўжо выступаў як Чэслаў Немэн.

Чэслаў Немэн на піку папулярнасьці

Сапраўднае прызнаньне прыйшло да артыста ў 1964-м, калі актрыса і сьпявачка Марлен Дытрых запісала нямецкую вэрсію ягонай песьні «Czy mnie jeszcze pamiętasz?». На хвалі папулярнасьці ў 1972-м зь песьняй Strange Is This World — ангельскамоўнай вэрсіяй свайго гіта «Dziwny jest ten świat» — ён разам зь іншымі зоркамі адкрываў Алімпійскія гульні ў Мюнхэне.

Сьмерць уратавала бацькоўскую хату

Тым часам на малой радзіме ў апусьцелую хату засяліліся далёкія родзічы. Зрабілі рамонт — пераслалі падлогу, драўляны дах памянялі на модны шыфэр. Зь цягам часу старыя жыхары паўміралі, маладыя разьехаліся, і дом пераабсталявалі пад краму — краты на вокнах засталіся да сёньня. Аднак з рэзкім зьніжэньнем колькасьці вяскоўцаў «склеп» зрабіўся нерэнтабэльны, і яго зачынілі.

Любімы валун Чэслава Немэна

«Шмат гадоў дом стаяў пусты, ніхто за ім не даглядаў, нікому ён ня быў патрэбны, — расказвае Ўладзімер Сянюта. — Плот паваліўся, дах у дзюрах, комін пахіснуўся, бур’ян у двары вышэй за студню. У выніку прызначылі пад знос. І зьнішчылі б, каб Немэн не ўратаваў яго... сваёй сьмерцю. У літаральным сэнсе. Каб яшчэ год-два пражыў, за той час будыніну зраўнялі б зь зямлёй. Але пасьля 2004 году здарыўся сапраўдны бум турыстаў, у першую чаргу з Польшчы. Усіх цікавіла: адкуль выйшаў такі фэномэн? І пачала паўставаць ідэя музэефікацыі дому».

Фрагмэнт экспазыцыі

Але бюракратычныя перашкоды не далі яе рэалізаваць. У 2009 годзе кінасцэнарыстка Вера Савіна прыехала ў Старыя Васілішкі здымаць дакумэнтальны фільм «Гэты дзіўны сьвет...» (па назьве галоўнага гіта — «Dziwny jest ten świat») і пабачыла радавое гняздо свайго героя ў тым жа катастрафічным выглядзе.

Толькі налета калектыўнымі высілкамі аматараў творчасьці Немэна і кіраўніцтва Шчучынскага райвыканкаму дом атрымаў статус клюбу-музэю, у яго зьявіўся гаспадар у асобе Ўладзімера Сянюты, пачалі зьяўляцца экспанаты, зьвязаныя з выбітным музыкам.

Вера Савіна бярэ інтэрвію ў Чэслава Немэна

«У Васілішкі я прыяжджаю зь вялікім хваляваньнем, — кажа сцэнарыстка. — Тое, што пачыналася за 10 гадоў, дзякуй богу, разьвіваецца. Атрымліваецца эфэктыўная супраца, з аднаго боку, валянтэраў, якія дапамагаюць напаўняць музэй, зь іншага — мясцовых уладаў і прадстаўнікоў польскай дзяржавы. У выніку гэта перарастае ў вялікую высакародную справу. Безумоўна, як артыст Чэслаў Немэн праславіўся ў Польшчы. Але мы ніколі не забудзем, што ён наш зямляк і ўсе разам такія творцы — беларускія, польскія, габрэйскія, расейскія — ствараюць нашую шматнацыянальную культуру».

Прамоўцы на вечарыне ў васілішкаўскім Доме культуры

Сёлета музэй адзначыць 10-годзьдзе сваёй дзейнасьці, летась у 80-гадовы юбілей музыкі колькасьць наведнікаў упершыню перавысіла 10 тысяч. Цяпер аматарам творчасьці Чэслава Немэна ёсьць дзе сабрацца. У чарговы дзень нараджэньня тут было шматлюдна: прадстаўнічая дэлегацыя польскіх дыпляматаў і супрацоўнікаў Інстытуту польскай культурнай спадчыны Polonica, музычныя экспэрты, прафэсійныя выканаўцы, мэцэнаты-прадпрымальнікі.

Шматлікія наведнікі музэя ў Старых Васілішках

Літаральна напярэдадні чарговай гадавіны будаўнікі завяршылі рамонт даху, вярнуўшы дому аўтэнтычны выгляд — паламаны шыфэр замянілі на драніцы. Зь фінансаваньнем дапамаглі польскія партнэры. У двары зьявілася альтанка. Добраўпарадкавалі стары сад. Перад ім стаіць вялізны валун, перавезены з-пад касьцёлу — на ім любіў пасядзець Чэслаў.

Неапублікаванае інтэрвію зь «перабежчыкам»

За сваю насычаную кар’еру Чэслаў Немэн толькі аднойчы наведаўся ў Беларусь — у 1976 годзе ў рамках туру па СССР з аншлягам даў чатыры канцэрты ў Палацы спорту. З прэсай амаль не кантактаваў, толькі два журналісты былі дапушчаныя ў грымёрку — Вера Савіна, якая тады супрацоўнічала з «Советской Белоруссией», і Вячаслаў Ракіцкі — шматгадовы аўтар Свабоды ў той час пісаў для «Чырвонай зьмены».

Вячаслаў Ракіцкі і Вера Савіна

З улікам «спрэчнасьці асобы перабежчыка» Савіну так і не надрукавалі. Інтэрвію Ракіцкага стала адзіным у беларускай прэсе, газэтная выразка займае пачэснае месца ў экспазыцыі.

«Шэраг журналістаў зьвярталіся па інтэрвію, выбар спыніўся на нас, — згадвае Вячаслаў Ракіцкі. — Верагодна, Чэслаў таксама адчуў сымпатыю да 23-гадовага хлопца, бо прапанаваў застацца на двое сутак менскага туру. Я быў на ўсіх канцэртах, сядзеў у грымёрцы. Пасьля выступаў мы зьяжджалі ў гатэль і амаль усю ноч размаўлялі — пра музыку, алькаголь, лёсы нашых сваякоў. Сышліся, што адна з маіх сваячніц, магчыма, ехала тым самым цягніком на Польшчу, адным з апошніх. У выніку зрабіў інтэрвію, якое ўрэшце сталася адзіным. Некалькі гадоў таму я сустрэў рэдактарку аддзелу — яна да апошняга не магла зразумець, як удалося надрукаваць тую гутарку».

Афіша менскага канцэрту

Праз тры гады пасьля Менска ў Чэслава Немэна быў заплянаваны канцэрт у Маскве. І тады ён наведаўся ў родныя Васілішкі — упершыню пасьля пераломнага 1958-га. У шчыльным гастрольным графіку цягніком дабірацца было занадта доўга, тады ён узяў таксоўку — дзесяць гадзінаў у дарозе толькі дзеля таго, каб хоць крыху пабыць ля роднай хаты. І адразу ж назад.

Адзін з пакояў клюбу-музэю

Дом ужо стаяў закінуты, там ніхто ня жыў. Чэслаў прайшоўся старымі сьцежкамі, паблукаў вакол касьцёла, дзе атрымаў першы вакальны вопыт, перакінуўся словам-другім зь вяскоўцамі. Некалькі ягоных аднаклясьнікаў, дарэчы, у 1976-м адмыслова прыяжджалі на канцэрт у Менск, ён зь імі сустрэўся.

У Васілішках дагэтуль жывуць людзі, якія яшчэ цудоўна памятаюць Чэслава Немэна. А ў Калобжэгу — ягоная старэйшая сястра Ядзьвіга. Сёлета яна адзначыць 90-гадовы юбілей.

Выстава памяці Чэслава Немэна ў Доме культуры

У сваіх успамінах Чэслаў ня раз прызнаваўся, што сумуе па радзіме. Але тут жа задаваўся пытаньнем: ці здолеў бы стаць у Беларусі тым, кім стаў у Польшчы? Адназначнага адказу няма.

Дом культуры ў Васілішках

За сваё жыцьцё Чэслаў Немэн выпусьціў больш за два дзясяткі альбомаў у ЗША, Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, Польшчы. Яго лічаць адным з самых яскравых прадстаўнікоў эўрапейскага прагрэсіў-року.

Таксама ён асацыюецца з эпохай біту і рытм-энд-блюзу другой паловы 1960-х, калі захапіўся ідэямі гіпі і разам з гуртом Akwarele запісаў альбомы Dziwny jest ten świat (1967), Sukces (1968) і Czy mnie jeszcze pamiętasz? (1969).

Памёр артыст у 2004 годзе, пахаваны ў Варшаве.

Старыя Васілішкі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 месцаў, якія варта наведаць у пашыранай зоне бязьвізу Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцей
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памятную шыльду Чэславу Немэну ў Горадні адкрылі пад сьцягамі БРСМ. Фота