«Пужаюць, што заўтра АМАП на мяне выклічуць». У жанчыны адбіраюць дом у цэнтры Менску. ФОТА

Прыватны дом Ніны Мігачовай у цэнтры Менску хочуць зьнесьці дзеля будаўніцтва, якое распачала група кампаній «Стромінвэст». Жанчына зьвярталася ў многія дзяржаўныя інстанцыі і нават у дзяржаўны сакратарыят Савету бясьпекі. Суд вырашыў выселіць жанчыну прымусова.

«Сяку стары плот, каб ацяпляць хату»

Дом Ніны Мігачовай на вуліцы Ціміразева, 42 абнесены высокай агароджай, як і будаўнічая пляцоўка. Са двара відаць шматпавярховік, дзе будуць апартамэнты клясаў «камфорт» і «прэміум». У доме Мігачовай ужо адключылі газ, ваду даюць папераменна, электрычнасьць падлучаецца толькі ўначы. Жанчына жыве нават удзень пры сьвечках і паліць у каміне старыя дошкі.

«Забудоўніку „Стромінвэст-Ратамка“ ўсё дазволена. Усё загарадзілі, у памыйную яму ня можа заехаць машына. Як тут машына з брыкетам заедзе? Пажарная, „хуткая“? Сяку стары плот, каб ацяпляць хату. Каб націснуць на мяне і паказаць сваю перавагу, улады перад зімой адключылі дом ад газу, пастаянна адлучаюць ад электрычнасьці», — кажа Ніна Мігачова.

Уся плошча дома з прыбудовамі і гаражом складае 75 квадратных мэтраў, на 6 сотках ёсьць сад.

«Вясной тут усё квітнее. У мяне цудоўны сад, груша з 5-павярховы дом, яблыні, вішні. Я па 5 мяхоў грэцкіх арэхаў зьбіраю», — кажа Ніна Мігачова.

«Я хацела жыць у прыгожым доме»

Дом, які будавалі яшчэ нямецкія ваеннапалонныя, спадарыня Ніна купіла 30 гадоў таму разам з сынам, зрабіла рамонт.

«Я ўкладала ў яго ўсю любоў і клопат, каб жыць. На свае грошы правяла ваду, газ. Санвузел, плітка — усё за мой кошт. Я палепшыла дом сама, працавала на дзьвюх працах, у многім сабе адмаўляла, хацела жыць у прыгожым доме», — кажа Ніна Мігачова.

Спакойнае жыцьцё скончылася пасьля таго, як улады выдзелілі тут участак кампаніі «Стромінвэст-Ратамка», якая належыць бізнэсоўцу Валеру Каржоўніку. На даручэньне прэзыдэнта ад 15 ліпеня 2014 году яна ўзводзіць комплекс «Камфорт-парк» у межах вуліц Грыбаедава, Панфілава, Ціміразева,Татарскай з адпаведнай інфраструктурай. Прыватныя дамы, якія перашкаджаюць задуме ўладаў і забудоўніка, вырашылі зьнесьці «дзеля дзяржаўных патрэбаў».

Гісторыя з домам Мігачовай цягнецца ўжо дзесяць гадоў.

«Улады Цэнтральнага раёну, ДП „Гардарбуд“ на даручэньне Менгарвыканкаму вырашылі аблегчыць лёс забудоўніка. Тут была цэлая вуліца дамоў, засталася я і 26-ы дом. Спачатку казалі, што ўсіх вырашылі зьнесьці пад пашырэньне дарогі і паркоўку. Пад пагрозай штрафаў забаранілі рамантаваць дом. Потым высьветлілася, што папраўдзе ўчастак забіраюць, каб яго перапрадаць забудніку», — мяркуе Ніна Мігачова.

Жанчына кажа, што суды працягваюцца чатыры з паловай гады. Зь яе дому невядомыя ўкралі кампутар, злодзеяў дагэтуль не знайшлі. Гаспадыня лічыць, што гэта некім было зроблена наўмысна, каб яна не пісала скаргі.

Па 50 даляраў у Прэзыдэнцкі спартовы клюб?

Камітэт будаўніцтва і інвэстыцый Менгарвыканкаму «палічыў мэтазгодным», каб адной з умоваў выдзяленьня ўчастка для забудоўніка было адлічэньне 50 даляраў за кожны пабудаваны квадратны мэтар ад агульнай плошчы кватэр жылых дамоў на разьвіцьцё спорту і культурна-аздараўленчага руху ў краіне праз Прэзыдэнцкі спартовы клюб і фінансаваньне будаўніцтва спартовага комплексу. Пра гэта гаворыцца ў лісьце камітэту да праектнага інстытуту «Белгіпразем». У камітэце карэспандэнту Свабоды пацьвердзілі існаваньне такога дакумэнту. Таксама пра 50 даляраў гаворыцца ў Акце выбару месца разьмяшчэньня зямельнага ўчастка для будаўніцтва «Стромінвэст-Ратамка», падпісанага старшынёй Менскага гарвыканкаму Андрэем Шорцам. Копію гэтага дакумэнту Ніна Мігачова перадала карэспандэнту Свабоды.

«Цяпер зразумела, чаму прэзыдэнт з такой стараннасьцю даручае адабраць у мяне зямлю. Аказваецца, вялікія грошы плянуецца пералічваць у Прэзыдэнцкі спартовы клюб, якія, натуральна, возьмуць з грамадзян, якія купяць кватэры. Вось таму я ім няўгодная. Яны мне кажуць, што гэта ня хабар і не адкат. Маўляў, яны добраахвотна, дабрачынна вырашылі пералічыць грошы. Але можна езьдзіць у Абу-Дабі на фінішныя гонкі, прымаць чэмпіянаты, чаму не? Калі ў нас за капейкі адбіраюць жыльлё і зямлю».

Дом Мігачовай фактычна ў цэнтры гораду ацанілі крыху больш, чым у 5 тысяч даляраў. У сьнежні мінулага году Цэнтральны суд Менску вырашыў прымусова яе выселіць. Жанчына сьцьвярджае, што на суд яе не запрасілі і пра рашэньне яна даведалася выпадкова. Наняць адваката за пэнсію ў 400 рублёў яна ня мае магчымасьці. Ніна Мігачова — вэтэран працы з 45-гадовым стажам.

«Канстытуцыя мне дакладна гаворыць, што ніхто ня мае права ў мяне адабраць жытло. Але я нідзе не магу знайсьці праўды. Настолькі ўсе эшалёны ўлады праела карупцыя. Навошта прыдумалі гэтыя асабістыя прыёмы, стварылі аддзелы зваротаў грамадзян? Яны ж скаргі і заявы перасылаюць адзін аднаму і ў выніку могуць напісаць „з вамі ліставаньне скончана“. Я думаю, мая гісторыя не адзіная».

Ніна Мігачова пытаецца, як прымусіць чыноўнікаў выконваць дакумэнты, якія яны ж выдалі, і калі прыйдзе час, калі яны будуць адказваць за свае дзеяньні?

«Прыкарытнікі дый годзе. Простаму чалавеку не знайсьці праўды. А за тое, што я яе шукаю, мне яшчэ даводзіцца апраўдвацца», — кажа гаспадыня дома.

«Яны вырашылі мне адпомсьціць»

Ніна Мігачова інвалід. Па законе яна мае права атрымаць жыльлё ўзамен свайго дома паблізу сваякоў і месцаў рэабілітацыі. Сястра жанчыны жыве ў Цэнтральным раёне, аднак Мігачовай «навязваюць», як яна кажа, кватэру ў Фрунзенскім.

«Нам прапаноўвалі самую ўбогую двухпакаёўку за наш дом. Гэта кватэра „Стромінвэсту“, маласямейны інтэрнат, жыльлё для маламаёмасных, — кажа Ніна Мігачова, — Я інвалід, я хаджу з кавенькай, і адна нага на 5 сантымэтраў карацейшая. У доме павінен быць пандус. Я дыябэтык, калю 6 іньекцый штодзень. Яны вырашылі мне адпомсьціць і прапанавалі 9-ы паверх з адным ліфтам. Гэты варыянт я нават не разглядаю».

Жанчына кажа, што па дапамогу зьвярталася да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і яго сыноў Віктара (першы віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту) і Дзьмітрыя (старшыня Прэзыдэнцкага спартовага клюбу).

«Я ім пісала: з вамі разьлічыліся, разьлічыцеся і вы са мной, як належыць па законе, — кажа Ніна Мігачова, — Самая вялікая бяда, што ў людзей забіраюць зямлю і маёмасьць за капейкі, прыстойнай кампэнсацыі няма. За мяне ўсе вырашылі. Мяне нават не спыталі. Яны яшчэ мяне пужаюць, што заўтра АМАП на мяне выклічуць».

На ліст Ніны Мігачовай да памочніка прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы, першага віцэ-прэзыдэнта НАК адказаў намесьнік дзяржсакратара Савету бясьпекі Ўладзімер Арчакоў.

У адказе гаворыцца, што парушэньні, дапушчаныя службовымі асобамі Менгарвыканкаму, «маюць тэхнічны характар». Паводле Арчакова, яны не зьяўляюцца падставай для адмены рашэньня Менгарвыкаму ад 19 ліпеня 2018 году, якое тычыцца канфіскацыі зямельнага ўчастка Мігачовай «для дзяржаўных патрэб і зносу абʼектаў нерухомай маёмасьці, якія на ім знаходзяцца».

У дзяржсакратарыяце карэспандэнту Свабоды адмовіліся патлумачыць сытуацыю па тэлефоне.

У кампаніі «Стромінвэст» адмовіліся ад камэнтароў. Таксама у Цэнтральным судзе Менску адмовіліся пазнаёміць з рашэньнем у справе Мігачовай.

Ніна Мігачова кажа, што ня ў стане сябе абараніць.

«Яны пазбавілі права выбару, мяне не спыталі, што і як я хачу. Яны прынялі рашэньне, што я маю права толькі на тую кватэру. Гэта ўсё вырашалася за маёй сьпінай».

Карэспандэнта Свабоды не пусьцілі на прыём да намесьніка кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёну

Карэспандэнт Свабоды спрабаваў атрымаць афіцыйныя камэнтары аб сытуацыі ў адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску. Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Дзяніс Жыбуль і кіраўніца ўпраўленьня архітэктуры і будаўніцтва Вікторыя Якіменка не адказвалі на званкі карэспандэнта на працоўныя тэлефоны.

Журналіст спрабаваў трапіць на прыём да Дзяніса Жыбуля падчас прыёму грамадзянаў, які чыноўнік вёў 4 сакавіка. Аднак міліцыянт не прапусьціў прадстаўніка Свабоды ў будынак, патэлефанаваў Дзянісу Жыбулю і перадаў словы чыноўніка: «Ніякіх камэнтароў я даваць ня буду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму мяне выганяюць з роднага гораду?» Сям’я змагаецца за свой дом, які зносяць дзеля будоўлі Minsk World
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З варагаў у грэкі». Чаму эколягі і жыхары самага паўднёвага пункту Беларусі супраць пабудовы там рачнога порту