Каранавірус: чэмпіянат сьвету ў хакеі могуць перанесьці ў Беларусь ці Расею

Галоўная хакенйая арэна Беларусі

Міжнародная фэдэрацыя хакею (IIHF) не выключае пераносу травеньскага чэмпіянату сьвету з Швайцарыі ў Беларусь або Расею. Пра гэта ТАСС сказаў прэзыдэнт IIHF Рэнэ Фазэль.

У сувязі з пагрозай каранавірусу швайцарскі ўрад забараніў праводзіць публічныя імпрэзы, у тым ліку спартовыя, з аўдыторыяй больш за 1000 чалавек. Пакуль што абмежаваньне дзейнічае да 15 сакавіка, але ў выпадку неабходнасьці тэрміны могуць быць падоўжаныя.

Хакейны турнір заплянаваны з 8 па 24 траўня ў двух гарадах краіны — Цюрыху і Лязане.

«Ня так шмат краін, дзе можна правесьці турнір, — адзначыў Рэнэ Фазэль. — Перанесьці чэмпіянат сьвету вельмі складана, але, магчыма, будзе магчымасьць перанесьці яго ў Сочы, таксама ёсьць варыянт зь Беларусьсю. Цяпер пачынаем вывучаць розныя варыянты вырашэньня праблемы. Але пэўна не магу нічога сказаць да 15 сакавіка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палацавы пераварот». Навошта Беларусі нерэнтабэльныя лядовыя арэны

Беларусь разам з Латвіяй прымуць хакейны чэмпіянат сьвету 2021 году. Дагэтуль аналягічныя спаборніцтвы праходзілі ў Менску ў 2014-м. У Расеі сусьветнае першынства заплянавана на 2023 год.

Раней IIHF абвясьціла пра адмену юніёрскіх чэмпіянатаў сьвету (гульцы, не старэйшыя за 18 гадоў) у групах А і В другога дывізіёну (Талін 22–28 сакавіка і Сафія 23–29 сакавіка), а таксама ў групах А і В трэцяга дывізіёну (Стамбул 16–22 сакавіка і люксэмбурскі Кокельшаер з 29 сакавіка да 4 красавіка).

У жанчын адмянілі сусьветныя першынствы ў групе В першага дывізіёну (польскія Катавіцы з 28 сакавіка па 3 красавіка) і групы А другога дывізіёну (гішпанская Хака з 29 сакавіка па 3 красавіка).

Намесьнік старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі Сяргей Ганчароў ня стаў камэнтаваць словы Рэнэ Фазэля, адначыўшы, што ў сярэдзіне сакавіка адбудзецца паседжаньне камітэту Міжнароднай фэдэрацыі хакею, на якім гэтыя пытаньні якраз і будуць абмяркоўвацца.