Жыхара Слуцкага раёну асудзілі на расстрэл за жорсткае забойства двух старых. ФОТА

Віктар Скрундзік, асуджаны на расстрэл за забойства двух пэнсіянэраў

29-гадовага Віктара Скрундзіка са Случчыны асудзілі на расстрэл за жорсткае забойства двух старых. Забойца гадаваўся ў суседняй вёсцы.

6 сакавіка ў Слуцку вынесьлі прысуд тром жыхарам раёну, абвінавачаным у забойстве двух пэнсіянэраў і замаху на жанчыну, а таксама ў крадзяжах і падпале маёмасьці ахвяраў. Злачынствы адбыліся год таму ў вёсках Ульянаўка Слуцкага раёну і ў Сухоўчыцах суседняга Капыльскага.

29-гадовага Віктара Скрундзіка, якога сьледзтва палічыла кіраўніком злачыннай групоўкі, асудзілі да вышэйшай меры пакараньня — расстрэлу.

Віктар Скрундзік

Ягоныя саўдзельнікі Віталь Мяцеж і Валянцін Бушнін атрымалі адпаведна 22 і 18 гадоў калёніі строгага рэжыму.

Віталь Мяцеж

Валянцін Бушнін

Сваякі забітых — 94-гадовага Ўладзімера Гаркавага і 79-гадовага Міхаіла Шугалея, а таксама іх аднавяскоўцы віталі прысуд менскага абласнога суду, а некаторыя нават шкадавалі, што з трох вінаватых расстраляюць толькі аднаго.

Людміла Пісарчык, дачка загінулага Ўладзімера Гаркавага, гэтак пракамэнтавала прысуд:

«Я згодная з прысудам і з тым, што Скрундзіку далі сьмяротную кару. Фашысты ў вайну Хатынь спалілі зь людзьмі, гэтак і ён зрабіў. Такі ж самы і таго ж заслужыў».

Падсудныя выслухалі прысуд моўчкі. На пытаньне журналіста Радыё Свабода, ці будуць абскарджваць рашэньне суду, адказалі маўчаньнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забілі за 50 рублёў. У Слуцку судзяць банду, якая нападала на старых
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аднаго расстраляюць — знойдуцца іншыя». Рэпартаж зь вёсак, дзе жорстка забілі старых

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
  • Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
  • Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).