Беларус прайшоў адзін пешкі праз Ісьляндыю. І цяпер трапіць у карантын

Кірыл Якімовіч

Прайсьці самотны маратон па замерзлай ляве ў Ісьляндыі Кірыл Якімовіч паспрабаваў два гады таму. Тады пляны папсаваў пералом рукі на восьмы дзень падарожжа. Гэтым разам беларус пасьпяхова закрыў гештальт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус адзін пройдзе на лыжах 400 км праз усю Ісьляндыю. Зь бел-чырвона-белым сьцягам

Кірыл Якімовіч — горны гід, жыве ў Празе. У інтэрвію Свабодзе ён расказаў, як адзін прайшоў 250 км па ледавіках Ісьляндыі з 30-кіляграмовым заплечнікам, высыпаўся ў намёце пры тэмпэратуры мінус 20 і як уразіўся паводзінам ісьляндцаў падчас пандэміі каранавірусу.

Усё падарожжа заняло ў Кірыла 11 дзён. 9 зь іх ён ішоў, а 2 дні адпачываў. Самота ня толькі не замінала, але і спрыяла выпрабаваньню, кажа беларус.

Шлях Кірыла Якімовіча

«Мяне проста біла аб зямлю ад ветру»

«У самоце, вядома, ты цягнеш больш, бо ня можаш разьдзяліць вяроўку на дваіх. Але, па-першае, гэта спакой, бо канфліктаў з самім сабою ў мяне ня было. А па-другое, я іду сваім тэмпам, даволі хуткім. Калі не хадзіць празь ледавікі і па лявінанебясьпечных схілах, то быць аднаму ва Ўнутранай Ісьляндыі даволі бясьпечна. Хаця звычайна так нельга, гэта самагубства».

Удзень Кірылу даводзілася ісьці пры тэмпэратуры мінус 10, уначы спаць пры мінус 20. Але ўсё, зь ягоных словаў, залежала не ад тэмпэратуры, а ад ветру. Амаль усё падарожжа дзьмуў даволі сур’ёзны вецер — 40 км/г. Даводзілася ісьці пад кутом. Часам парывы сягалі і 110 км на гадзіну.

«Я зь цяжкасьцю прайшоў апошні кавалак у 800 мэтраў. Мяне проста біла аб зямлю. Такі вецер разарваў бы які-хаця намёт, таму я ня ставіў яго звонку. Аднойчы я паставіў намёт унутры стайні. Пару разоў начаваў у прытулках. Гэта адмысловыя пустыя хаціны, дзе можна пераначаваць. Галоўнае было дакапацца да дзьвярэй. У такіх месцах ёсьць дровы, раз быў і газ для печкі, ложак, нават коўдра. І вісіць слоічак для грошай, каб падзякаваць».

Харчы Кірыл нёс з сабою ўсе 11 дзён. Мэню ня горш як у рэстаране — бульба зь ялавічынай, рыс з курыцай.

«Гэта звычайныя субліматы. Варыцца, потым замарожваецца. Торбачка важыць 150 грамаў, а потым ты даліваеш 400 грамаў вады. І страва як дома. Ежа без кансэрвантаў. Таксама я варыў ежу ў тэрмасах, каб не гатаваць падчас паходу».

За дзень Кірыл праходзіў у сярэднім 25-30 км. Кажа, што пры такім рэльефе і 20 км — гэта шмат. Аднойчы адолеў і 46 кілямэтраў. Шмат што залежала ад камфортнага сну.

«Вучыўся на памылках ранейшага паходу. У намёце ж можна і надыхаць, і табе нібыта цёпла, а потым гэта ўсё ападае на цябе сьнегам. І ты мала таго што прачынаесься ў холадзе, дык яшчэ і мокрым. Без высыпаньня нічога ня будзе. І вельмі важна — добра піць. Папярэдні раз мне не хапала вады, а цяпер я піў і піў. Тапіў сьнег і піў — з ізатонікамі, салявымі таблеткамі, каб узнавіцца».

Тры дні давялося ісьці ў шторм. Прыпынак на два дні беларус зрабіў у цэнтральнай Ісьляндыі, побач са славутымі гарачымі крыніцамі Квэравэтлір.

«Там ёсьць гатэльчык, у якім я спыняўся два гаты таму. Тады там, дарэчы, працавала дзяўчына зь Беларусі, а сёлета была літоўка. Я дапамог пры гатэлі, адкапаў склад зь ежай, які замяло, парамантаваў электрычнасьць. Атрымаў ад гаспадара зьніжку — 50%».

Як ісьляндцы даюць рады каранавірусу

На чацьвёрты дзень падарожжа Кірыл падключыўся да інтэрнэту і даведаўся, што ў сьвеце абвясьцілі пандэмію каранавірусу і шмат якія краіны ўвялі жорсткія захады. Вяртаньне дадому, у Прагу, стала праблемай, бо Чэхія і суседзі пачалі ўсё закрываць.

Калі на наступны дзень пасьля паходу Кірыл ішоў на прыпынак, каб даехаць да Рэйк’явіку, мясцовая ісьляндка прапанавала яго падвезьці. Ад яе ён зь першых вуснаў дазнаўся, як краіна змагаецца з каранавірусам.

«Жанчына працуе гідам, цяпер на пэнсіі. Яна казала, што, магчыма, гэтага ня бачна, але ўся краіна змабілізаваная. З досьведу папярэдніх эпідэміяў яны робяць выснову, што пазьбегнуць пошасьці немагчыма. І што большая частка грамадзян так ці інакш сутыкнецца зь вірусам. Для іх цяпер галоўнае — зьнізіць хуткасьць распаўсюджваньня, каб яна адпавядала магчымасьцям іхнай сыстэмы аховы здароўя. Таму ім проста трэба расьцягнуць гэты пік».

Кірыл Якімовіч і Торы Ганна Маціясдоцір

У Ісьляндыі жывуць 350 тысяч чалавек. Ад першага выпадку 28 лютага там выявілі 218 чалавек з каранавірусам. Гэта даволі высокі паказьнік на невялікую краіну. Але ў шпіталь там за ўвесь гэты час трапілі толькі тры асобы і не было ніводнай сьмерці.

«Мяне вельмі зьдзівіла, што ў самой Ісьляндыі ніякіх жорсткіх захадаў не прымалі. Уначы, пасьля завяршэньня падарожжа, я прыйшоў у гатэль каля вадаспаду Ґютльфос. Хаця цяпер і не сэзон, але ён быў поўным. І гэта прытым, што там ужо не было ані нарвэжцаў, ані амэрыканцаў, якім урады забаранілі выяжджаць».

Каранавірус на выспу завезьлі самі ісьляндцы, якія каталіся на лыжах у Італіі. Пасьля заканчэньня вакацыяў яны вярнуліся на радзіму, і ў амаль сотні зь іх тэсты паказалі пазытыўны вынік.

Тым ня менш усе крамы на высьпе працуюць, паліцы поўныя, бары адкрытыя, там сядзяць людзі і бавяцца, скасавалі толькі канцэрты, кажа Кірыл. Кожная трэцяя рэкляма на маніторах ці ў грамадзкім транспарце — пра каранавірус. На ангельскай і ісьляндзкай мовах. На кожным кроку дызэнфэктары.

«Калі мяне падвозіла ісьляндка, то яна ў сваіх справах заехала ў сядзібу ісьляндзкага біскупа (дарэчы, гэта жанчына). Там я пазнаёміўся зь віцэ-біскупам. Гэта была лютэранская царква, але цікава, што ў сваёй галоўнай сьвятыні адзін зь нэфаў яны аддалі каталікам, бо тым няма куды хадзіць. І я зьвярнуў увагу, як яны віталіся. Не за руку, а ў рамках прафіляктыкі вітаньне было будысцкім — яны кланяліся з складзеным рукамі. Дарэчы, калі ва ўсім сьвеце прымаюць жорсткія захады, гэтыя людзі вырашалі пытаньні падрыхтоўкі да вясельля».

Але ўлады ня кінулі справу на самацёк. Ісьляндыя правяла тэставаньне 3 787 асобаў (прапорцыя — 10405 на мільён). Калі параўнаць, то ў Паўднёвай Карэі гэтая прапорцыя — 5333, у Бахрэйне — 8410, у Італіі — 2281.

Уся інфармацыя пра хваробу фіксуецца, кожны ісьляндзец мае да яе доступ онлайн праз адмысловы сайт. Там жа можна атрымаць усе неабходныя інструкцыі.

«У кавярні ў Рэйк’явіку, перад тым як даць кубак, мне падсунулі бутэлькі з антысэптыкам. Тое самае, калі я купляў падарункі. Калі я зайшоў у аптэку і захацеў купіць антысэптык, то мне падсунулі каністру і прапанавалі напоўніць сваю бутэльку. 100 грамаў за эўра. Гэта таньней, чым вада ў бутэльках. І такая каністра стаіць у кожнай аптэцы. У масках я сустрэў усяго некалькіх азіятаў. І ніякага ажыятажу».

Ісьляндыя ня ўводзіла таксама ніякіх абмежаваньняў на прылёты і вылеты з краіны. З рашэньня амэрыканцаў закрыць межы і спыніць пералёты шмат хто ў Ісьляндыі, паводле Кірыла, сьмяецца.

«Ехаў па Рэйк’явіку грамадзкім транспартам, дык кіроўца проста не кантраляваў білеты, адмежаваўся стужачкай ад людзей. Неяк яны прыстасоўваюцца. І безупынна нагадваюць пра мыцьцё рук. Але пад гэтым вонкавым спакоем хаваецца вельмі сур’ёзная праца».

Цяпер Кірыл рыхтуецца да вяртаньня ў Прагу. Вывучае чэскія сайты і прызнаецца, што знайсьці ўсю патрэбную інфармацыю на ісьляндзкіх старонках яму значна прасьцей.

«Вельмі цешуся, што ў мяне рэйс не наўпрост у Прагу, бо чэхі цяпер прымаюць толькі сваіх грамадзянаў. Я лячу ў Вену, беларусаў там пакуль прымаюць. Адтуль я замовіў трансфэр да чэскай мяжы. А там пайду пешкі з лыжамі „здавацца“ чэхам».

Калі Кірыл увойдзе ў Чэхію з Аўстрыі, якая лічыцца зонай рызыкі, то аўтаматычна мусіць трапіць у карантын. Пакуль ён нават не ўяўляе, як гэта будзе выглядаць. Найхутчэй, давядзецца сядзець дома, зь дзецьмі, у іх таксама карантын.

Праз тыдзень Кірыл меў ляцець на Шпіцбэрген, але паездкі ня будзе, бо Нарвэгія закрыла мяжу. Зрэшты, і з Чэхіі яго ўжо ня выпусьцяць. Скасаваная таксама паездка на Сардынію ў красавіку.

«Спадзяюся, да лета ўсё скончыцца. Я разумею, што мне і дзецям, гэты вірус не пагражае, мы здаровыя, у нас добры імунітэт. Але дзеля захаваньня старэйшага пакаленьня мы павінны зрабіць максымум. Самаізаляцыя і мыць рукі. Мыць рукі і самаізаляцыя».