Ад сёньняшняга дня ў Францыі проста так з дому ня выйдзеш

Міністар унутраных справаў Францыі Крыстоф Кастанэр ўвечары 16 сакавіка абвясьціў, што кожны чалавек, які вырашыў выйсьці з дома ва ўмовах пандэміі, павінен будзе даказаць абгрунтаванасьць перамяшчэньня.

Спэцыяльны блянк можна спампаваць з сайту МУС, раздрукаваць і запоўніць. Калі няма прынтэра, яго можна напісаць ад рукі.

Напярэдадні прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон абвясьціў, што ад поўдня 17 сакавіка ў Францыі на тэрмін ня менш чым 15 дзён уводзяцца абмежаваньні на перамяшчэньні. Парушальнікаў будуць караць, заявіў Макрон.

Пазьней у МУС абвясьцілі аб мабілізацыі ста тысяч паліцыянтаў і жандараў для кантролю за абгрунтаванасьцю перамяшчэньняў грамадзян. За парушэньне карантынных абмежаваньняў прадугледжаны штраф 38 эўра. У найбліжэйшым часе ён будзе павялічаны да 135 эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон прыпыніў усе рэформы ў Францыі праз каранавірус

Кожнаму, хто вырашыць выйсьці з дому, трэба будзе мець пры сабе спэцыяльны дакумэнт, дзе ён мусіць напісаць сваё імя і прозьвішча, дату нараджэньня і адрас. А затым пад слова гонару выбраць адну з прычын перамяшчэньня. Такіх прычын можа быць пяць:

1. Паход на працу ў выпадку немагчымасьці працаваць з хаты. Пры сабе трэба мець і дакумэнт, які пацьвярджае, што праца з дому немагчымая. А таксама перамяшчэньні па працы, якія ня могуць быць перанесеныя;

2. Перамяшчэньні для куплі тавараў першай неабходнасьці ў дазволеныя пункты продажу;

3. Візыты да лекара;

4. Неадкладныя сямейныя пытаньні: дапамога ўразьлівым людзям і нагляд за дзецьмі.

5. Кароткія перамяшчэньні недалёка ад дому, «зьвязаныя з асабістай фізычнай актыўнасьцю», але якія выключаюць любыя кампаніі і сходы; выгул жывёл.

Абмежаваньні на перамяшчэньні не закрануць некаторыя прафэсіі: лекары, іншыя мэдработнікі, журналісты і інш. Пры сабе трэба мець прафэсійную картку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: закрываюць межы, спыняюць рух мэтро, пятая сьмерць у Польшчы. У суседзяў Беларусі 17 сакавіка