Кітай абмежаваў працу пяці амэрыканскіх СМІ

Кітай адклікаў акрэдытацыю карэспандэнтаў амэрыканскіх выданьняў The New York Times, The Wall Street Journal і The Washington Post. Акрамя таго, Пэкін ўвёў абмежаваньні на працу «Голасу Амэрыкі» і часопісу Time. Так кітайскія ўлады адказалі на абмежаваньні, уведзеныя Вашынгтонам у дачыненьні да пяці кітайскіх СМІ, якія працуюць у ЗША.

Карэспандэнтаў The New York Times, The Wall Street Journal і The Washington Post на працягу 10 дзён пазбавяць акрэдытацыі. Яны больш ня змогуць працаваць на тэрыторыі КНР, у тым ліку ў асаблівых адміністрацыйных раёнах Ганконг і Макао. Ад гэтых СМІ, а таксама ад «Голасу Амэрыкі» і часопісу Time Пэкін запатрабаваў даць уладам інфармацыю пра супрацоўнікаў, фінансавую дзейнасьць і нерухомасьць на тэрыторыі КНР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэкін абурыўся на Трампа за твіт пра «кітайскі вірус»

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо, камэнтуючы рашэньне Пэкіну, падкрэсьліў, што Вашынгтон наклаў абмежаваньні на арганізацыі, якія займаюцца на тэрыторыі ЗША кітайскай прапагандай.

«Голас Амэрыкі» асудзіў рашэньне Пэкіну. У заяве рэдакцыі гаворыцца, што дзеяньні КНР скіраваныя на далейшыя абмежаваньні свабоды прэсы ў краіне.

Пра тое, што ЗША абвясьцілі пяць кітайскіх СМІ – агенцтва «Сіньхуа», тэлеканал CCTN, «Міжнароднае радыё Кітаю», мэдыякампаніі China Daily Distribution Corporation і Hai Tian Development USA – замежнымі агентамі, стала вядома ў лютым. Вашынгтон заявіў, што рашэньне не паўплывае на працу СМІ, але абавяжа прасіць дазволу ў амэрыканскіх уладаў на наём новых супрацоўнікаў і набыцьцё маёмасьці. Пэкін тады заявіў, што ўлады Кітаю могуць прыняць меры ў адказ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Кітаю: каранавірус маглі завезьці ў Кітай амэрыканскія вайскоўцы