Каранавірус: за дзень яшчэ 2 пацыенты памерлі ў Расеі, 1 ва Ўкраіне, 247 у ЗША

Ілюстрацыйнае фота

На раніцу 26 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі 471,5 тысячы выпадкаў COVID-19: 81,7 тысячы ў Кітаі, каля 74,3 тысячы ў Італіі, каля 68,5 тысячы ў ЗША, 49,5 тысячы ў Гішпаніі, 37,3 тысячы ў Нямеччыне, 27 тысяч у Іране, 25,2 тысячы ў Францыі, 10,9 тысячы ў Швайцарыі.

Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 21,3 тысячы чалавек. Зь іх 7503 у Італіі, 3647 у Гішпаніі, 3287 у Кітаі, 2077 у Іране, 1331 у Францыі, 1032 у ЗША.

Выпісалі 114,6 тысячы пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 335,5 тысячы, зь іх 14,7 тысячы ў цяжкім стане.

У Беларусі на 25 сакавіка пацьвердзілі 86 выпадкаў інфэкцыі новым каранавірусам: 29 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 57 «знаходзяцца пад мэдычным кантролем і на лячэньні», два выпадкі пераправяраюць.

Злучаныя Штаты на першым месцы ў колькасьці «актыўных выпадкаў» — тых, хто хварэе на COVID-19 сёньня. З 68,5 тысячы агулам выяўленых выпадкаў 1032 прывялі да сьмерці пацыента, 394 чалавекі выпісалі здаровымі, а 67 тысяч застаюцца хворымі, зь іх 1452 у цяжкім стане. За дзень выявілі 13,3 тысячы новых выпадкаў, памерлі 247 пацыентаў. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў надзвычайнае становішча ў яшчэ адным штаце — Тэхасе. Да таго яно ўжо было абвешчанае ў штатах Вашынгтон, Нью-Ёрк, Каліфорнія і Люізіяна.

У Італіі каранавірус працягвае распаўсюджвацца, колькасьць актыўных выпадкаў павялічваецца, але распаўсюд перастаў паскарацца: два дні запар выяўляюць 5,2 тысячы новых пацыентаў, чатыры дні запар 600–700 сьмерцяў.

У Расеі 25 сакавіка зафіксавалі дзьве новыя сьмерці пацыентаў з COVID-19 (агулам там памерлі тры чалавекі). У краіне выявілі 658 выпадкаў, выпісалі 29 чалавек.

Ва Ўкраіне памёр пяты пацыент. Там пацьвердзілі 145 выпадкаў, выпісалі толькі аднаго пацыента.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тыднёвыя выходныя Пуціна супраць «псыхозу» Лукашэнкі

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ