У інтэрнэце зьбіраюць подпісы за забарону вайсковага параду ў Менску на 9 траўня

Ілюстрацыйнае фота

На сайце Petitions.by зьявілася пэтыцыя з прапановай забараніць рэпэтыцыі і правядзеньне вайсковага параду 9 траўня ў Менску ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.

Аўтары пэтыцыі гавораць пра небясьпеку новага каранавірусу, згадваюць абмежавальныя захады, ужо прынятыя ў Беларусі для прадухіленьня распаўсюду інфэкцыі, і патрабуюць:

  • забараніць добраахвотна-прымусовы ўдзел работнікаў дзяржаўных арганізацый у вайсковым парадзе з мэтай стварэньня масоўкі;
  • адмяніць правядзеньне рэпэтыцый ганаровай варты на тэрыторыі Менску (у тым ліку на праспэктах Машэрава і Пераможцаў);
  • забараніць правядзеньне параду вайсковай тэхнікі, каб прадухіліць магчымыя надзвычайныя сытуацыі ў выпадку, калі вайсковай тэхнікай будуць кіраваць хворыя на каранавірус (і падкрэсьліваюць, што такія сытуацыі ўжо былі раней нават пры поўным здароўі яе ўдзельнікаў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску вайскоўцы рыхтуюцца да параду 9 траўня. ВІДЭА

На зэканомленыя грошы ў пэтыцыі прапануюць:

  • арганізаваць абыход пажылых людзей (асабліва вэтэранаў, якія ўваходзяць у зону максымальнай рызыкі пры віруснай інфэкцыі), даць ім усе неабходныя мэдыкамэнты ды іншыя прадметы першай неабходнасьці;
  • арганізаваць закупку мэдыцынскіх матэрыялаў для дааснашчэньня ўсіх мэдыцынскіх установаў (асабліва па-за Менскам), сродкаў неадкладнай дапамогі;
  • накіраваць грошы на азеляненьне Менску для нармалізацыі экалягічнай абстаноўкі і зьніжэньня рызык разьвіцьця розных захворваньняў у насельніцтва; адрамантаваць дарожнае палатно, масты на найбольш аварыйных участках (замест яго бягучага рамонту пасьля праходжаньня вайсковай тэхнікі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што Дзень Перамогі ў Беларусі адзначаць, як задумвалі, нягледзячы на каранавірус

Пад пэтыцыяй на момант публікацыі падпісаліся больш за 3,1 тысячы чалавек.

Пасьля збору подпісаў пэтыцыю плянуюць накіраваць у Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

27 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што што Дзень Перамогі ў Беларусі адзначаць, як задумвалі, нягледзячы на каранавірус, «ніякія мерапрыемствы не адмяняюцца».

У Менску ўжо рыхтуюцца да вайсковага параду. Так, 26 сакавіка быў абмежаваны рух транспарту на МКАД у сувязі з праездам вайсковай мэханізаванай калёны да аэрадрому Ліпкі, дзе адбываюцца асноўныя трэніроўкі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ