Прадстаўніца САЗ: Беларусь «выдатна спраўляецца» з каранавірусам

Вытворчасьць мэдычных масак і частак для апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх у індустрыяльным парку «Вялікі камень» пад Менскам

Маргарэт Гарыс, афіцыйная прадстаўніца Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ), заявіла на тэлеканале АНТ, што Беларусь «выдатна спраўляецца» з каранавірусам на дадзены момант, паведамляе БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мой тата ў рэанімацыі» — дзяўчына распавядае, як бацька хварэе на каранавірус

«Я магу сказаць, што ў Беларусі на раньніх стадыях вы выдатна спраўляецеся. У вас няма сьмерцяў, ёсьць тыя, хто выздаравеў — і гэта добры знак. Важна, што ў вас дастаткова падрыхтаваных кваліфікаваных лекараў. Наколькі мне вядома, у вас уключаныя ўсе захады засьцярогі ў першую чаргу для тых, хто працуе. Вы можаце тэставаць людзей і можаце ізаляваць іх у шпіталях. Але галоўная мэта — гэта, вядома, затармазіць разьвіцьцё вірусу. І вы спраўляецеся», — цытуе Маргарэт Гарыс дзяржаўнае агенцтва БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урадавы экспэрт: У ЗША ад каранавірусу могуць памерці да 200 тысяч чалавек

Паводле апошніх афіцыйных зьвестак адносна каранавіруснай эпідэміі, у Беларусі на дзень 27 сакавіка пацьвердзілі 94 выпадкі інфэкцыі новым каранавірусам: 32 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 62 «знаходзяцца пад мэдычным кантролем і на лячэньні». Сьмяротных выпадкаў афіцыйна няма.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ