Прадстаўнік Усясьветнага банку заклікаў Беларусь прыняць меры, каб падрыхтавацца да эпідэміі каранавірусу

Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік прадстаўніцтва Усясьветнага банку ў Беларусі Алекс Крэмер параўноўвае Беларусь зь Вялікай Брытаніяй і заклікае, пакуль ня позна, зрабіць тры неадкладныя крокі, каб падрыхтавацца да эпідэміі каранавірусу.​

«Два тыдні таму ўрад Вялікабрытаніі папрасіў грамадзян заставацца дома. Нават пры гэтым урад крытыкавалі як унутры краіны, так і за яе межамі, бо гэта зрабілі занадта позна», — піша Крэмер.

1️⃣ Мабілізацыя намаганьняў па супрацьдзеяньні эпідэміі. Падрыхтоўка мэдычных службаў да рэзкага росту выпадкаў віруснай пнэўманіі зьяўляецца першачарговым прыярытэтам. Усясьветны банк абяцае фінансава дапамагчы Беларусі ў закупцы неабходных мэдычных сродкаў.

Алекс Крэмэр

2️⃣ Сацыяльнае дыстанцыяваньне — зьвядзеньне да мінімума кантактаў паміж людзьмі. У іншым выпадку эпідэмія будзе настолькі імгненна пашырацца, што падарве сыстэму аховы здароўя. «Людзі будуць паміраць, таму што ня будзе хапаць лекараў і абсталяваньня для лячэньня», — піша Крэмер.

3️⃣ Пашырэньне сацыяльных праграм. Усясьветны банк мяркуе, што шматлікія беларусы страцяць працу ў 2020 годзе. Яшчэ больш беларусаў адчуюць падзеньне пакупной здольнасьці. Беларусь уступала ў рэцэсію без каранавірусу, і зараз «сотні тысяч беларусаў сутыкнуцца з фінансавымі цяжкасьцямі праз скарачэньне эканамічнай актыўнасьці ў глябальным маштабе», — піша Крэмер. Ва ўсім сьвеце ўрады ўзмацняюць праграмы адрасных грашовых выплат найменш забясьпечаным грамадзянам у спадзяваньні на спад эпідэміі. Усясьветны банк параіў Беларусі ажыцьцявіць меры па ўзмацненьні праграмы дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ