У Казахстане кожны пяты заражаны COVID-19 — мэдык

Ілюстрацыйнае фота

У Казахстане 120 мэдыкаў заразіліся каранавірусам. Усяго ў краіне больш за 600 захварэлых.

Галоўны санітарны лекар Казахстану Айжан Есмагамбетава распавяла, што 120 мэдыцынскіх работнікаў заразіліся COVID-19 пры лячэньні і кантакце з хворымі каранавірусам, — казахскі партал Tengrinews цытуе Настоящее время.

«На сёньня зарэгістравана 120 выпадкаў захворваньня сярод мэдыцынскіх работнікаў, з іх 67 выпадкаў сярод мэдработнікаў, якія непасрэдна аказвалі дапамогу асобам з падазрэньнем на каранавірус ці ўжо захварэлым», — заявіла яна на брыфінгу.

Таксама Есмагамбетава распавяла, што адзін мэдработнік знаходзіцца ў цяжкім стане, у дзевяці чалавек стан сярэдняй ступені цяжкасьці, у астатніх 57 чалавек — лёгкая форма захворваньня.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Раней урад Казахстану зацьвердзіў надбаўкі да заработнай платы мэдыцынскіх работнікаў, якія задзейнічаны ў эпідэміялягічнай працы. У тым выпадку, калі мэдработнік захварэе на каранавірусную інфэкцыю, з Дзяржфонду сацыяльнага страхаваньня яму заплацяць два мільёны тэнге (4500 даляраў), у выпадку сьмерці — 10 мільёнаў тэнге (22 500 даляраў).

Усяго ў Казахстане каранавірусам інфіцыраваныя 604 чалавека, 45 паправіліся, шэсьць чалавек памерлі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ