Стан брытанскага прэм'ера стабільны. Яго не падключалі да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх

Борыс Джонсан

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі правёў другую ноч у аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі, і ягоны стан стабільны. Борыс Джонсан, які змагаецца з COVID-19, атрымаў у лякарні кісларод. Падчас шпіталізацыі Джонсана ўрад узначальвае кіраўнік Міністэрства замежных спраў Дамінік Рааб.

«Ягоны стан стабільны, ён у добрым настроі, — сказаў Эдвард Аргар, намесьнік міністра аховы здароўя ў сераду ў інтэрвію Sky News. — Яму далі кісларод і не падключалі да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх».

Каранавірус у Джонсана быў выяўлены амаль два тыдні таму. У нядзелю яго шпіталізавалі з прычыны пастаяннай тэмпэратуры і праблемаў з дыханьнем. У панядзелак яго перавялі ў аддзяленьне інтэнсіўнай тэрапіі, дзе прэмʼер-міністру далі кісларод, але не было неабходнасьці падключаць яго да рэсьпіратара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо больш за 1000. Мінздароўя Беларусі прызнала 205 новых выпадкаў каранавірусу, ніводнай новай сьмерці