На Віцебшчыне для патэнцыйна хворых на каранавірус узводзяць палявы шпіталь

Ілюстрацыйнае фота

У Віцебскай вобласьці, каля Лепеля, вайскоўцы ўзводзяць палявы шпіталь для хворых на каранавірус на выпадак, калі эпідэмія выйдзе з-пад кантролю, паведамляе «Аршанскі рэгіянальны партал».

Палявы шпіталь будзе ў вайсковых намётах, але з усімі неабходнымі камунікацыямі.

Выданьне таксама піша, што 5 красавіка са шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, разьмешчанага ў Юрцаве Аршанскага раёну, выпісалі апошняга плянавага пацыента. Цяпер установу рыхтуюць для пацыентаў з каранавірусам на выпадак, калі іх стане зашмат. Сюды пры патрэбе будуць дастаўляць пацыентаў зь Віцебску і іншых гарадоў.

На раніцу 8 красавіка ў Віцебскай вобласьці ў шпіталях з каранавірусам знаходзяцца 200 чалавек, 5 чалавек памерлі, 30 выпісаныя пасьля ачуньваньня.

Усяго ў Беларусі на 8 красавіка пацьвердзілі 1066 выпадкаў каранавірусу: зь іх 976 чалавек цяпер знаходзяцца ў шпіталях, 13 памерлі, 77 паправіліся.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ