У сакавіку цэны вырасьлі на 0,9%, зьнешні гандаль упаў

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, спажывецкія цэны ў сакавіку 2020 году ў параўнаньні зь лютым вырасьлі на 0,9%, а за год — на 4,9%.

За тры месяцы 2020 году ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году цэны вырасьлі на 4,6%.

Ад пачатку 2020 году

  • харчовыя тавары падаражэлі на 2,1%,
  • нехарчовыя — на 2,5%,
  • паслугі — на 4,1%.

У Нацбанку Беларусі паскарэньне інфляцыі ў сакавіку тлумачаць найперш «павышаным попытам, які ўзьнік у выніку нявызначанасьці адносна будучай сытуацыі, увядзеньнем многімі краінамі абмежавальных мер у мэтах пераадоленьня неспрыяльнага эпідэміялягічнага становішча, а таксама паслабленьнем беларускага рубля» ў адносінах да іншых валют.

За цэлы 2020 год улады плянавалі ўтрымаць інфляцыю (рост цэн на тавары і паслугі) у межах 5% за год.

Па выніках 2019 году інфляцыя нават адстала ад росту сярэдніх налічаных заробкаў — 4,7% (заробкі за год вырасьлі на 5,5%).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аналітыкі прагназуюць эканамічны спад у Беларусі ад праблем з нафтай і каранавірусам

Экспарт тавараў за 2 месяцы скараціўся на 14,5%

У студзені — лютым 2020 году зьнешнегандлёвы абарот беларускіх тавараў склаў 9048,3 млн даляраў ЗША. У параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году, калі лічыць у бягучых цэнах, ён склаў 86%.

Па выніках студзеня — лютага 2020 году ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам папярэдняга году экспарт тавараў скараціўся на 14,5%, імпарт — на 12,4%. Сярэднія цэны экспарту павялічыліся на 0,2%, імпарту — скараціліся на 1,5%, паведамляе Белстат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь стала лідэрам у інфляцыі ў постсавецкім рэгіёне