Фіштэйн: Памылкова думаць, што ў выніку пандэміі чалавецтва ўсьвядоміць нешта вялікае і важнае

Яфім Фіштэйн

Свабода задае вядомым інтэлектуалам пытаньні пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека.

Сёньня прапануем вашай увазе адказы чэскага публіцыста, палітычнага аналітыка, былога дырэктара расейскай службы Радыё Свабода Яфіма Фіштэйна.

Сьцісла

  • Параўноўваць ступень дасканаласьці грамадзтваў у залежнасьці ад выбранай стратэгіі барацьбы з захворваньнем — ня больш чым вульгарная сацыялёгія.
  • Палітык вымушаны падладжвацца пад густы сваіх выбарнікаў, ён не павінен быць разумнейшым за сваіх выбарнікаў, інакш яны яго не зразумеюць.
  • Калі ў рэальнасьці паўстае такі бязьлітасны выбар — лячыць маладога, даўшы памерці старому, то адказ ні ў кога ня выклікае сумневу.
  • Дэмакратыя заўсёды прайграе аўтарытарызму ў апэратыўнасьці прыманых рашэньняў, але выйграе ў працэсе выпраўленьня непазьбежных памылак.
  • Вялікай вайны не чакаю — дэструктыўная энэргія чалавецтва будзе гэтай пандэміяй вычарпаная.
  • У любым сэнсе памылкова думаць, што ў выніку пандэміі чалавецтва ўсьвядоміць нешта вялікае і важнае.

— Беларусь — адна зь нешматлікіх краінаў у сьвеце, якая не прыняла жорсткіх мераў супраць пандэміі: не зачыніла межы, не закрыла школы і ВНУ, кіраўнік дзяржавы кажа, што пандэмія — гэта «псыхоз», маўляў, на трактары ніякі каранавірус ня страшны, краіна адзіная ў Эўропе працягвае футбольны чэмпіянат. Падобнай жа рыторыкай карыстаецца і прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару. З кіраўнікоў іншых больш-менш вядомых краінаў — здаецца, ніхто. Як вы ацэньваеце імавернасьць таго, што Лукашэнка ўсё ж мае рацыю ў сваёй амаль ні на кога не падобнай палітыцы адносна пандэміі? Ён казаў у 90-х гадах: Я сваю краіну за цывілізаваным сьветам не павяду. А цяпер цывілізаваны сьвет ведае, куды ісьці?

— Пандэмія ўханьскага каранавірусу — зьява для чалавецтва выключна новая, і спробы вызначаць цывілізацыйны ўзровень і параўноўваць ступень дасканаласьці грамадзтваў у залежнасьці ад выбранай стратэгіі барацьбы з захворваньнем — ня больш чым вульгарная сацыялёгія. Ёсьць аўтарытарныя рэжымы, якія абралі для сваіх краін цалкам супрацьлеглыя стратэгіі: філіпінскі дыктатар Дутартэ загадвае расстрэльваць за парушэньне рэжыму ізаляцыі, а Лукашэнка да ўвядзеньня абавязковай ізаляцыі яшчэ не сасьпеў. Бразыльскі прэзыдэнт Балсанару можа мець самую лібэральную рыторыку, але палітычная сыстэма краіны зробленая так, што Вярхоўны суд усе яго пастановы адмяняе, а рэкляма яго пазыцыі забароненая нават у Твітэры.

Рашуча адрозьніваюцца стратэгіі дэмакратычных краін, рэкордна нізкая сьмяротнасьць сярод хворых у Нямеччыне — ня доказ высокага гуманістычнага ўзроўню нямецкай урадавай ідэалёгіі, а доказ высокага ўзроўню нямецкай сыстэмы аховы здароўя, абсталяванай патрэбнай тэхнікай лепш за іншых, у выніку рэкордна высокіх выдаткаў на гэтую сфэру (12% ВУП). У суседняй Бэльгіі або Галяндыі сыстэма каштоўнасьцяў прыкладна тая ж, а сьмяротнасьць у 3 разы вышэй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Богдан: Беларусі ў барацьбе з пандэміяй рызыкоўна малпаваць навакольны сьвет

— Цяперашняя пандэмія, на думку некаторых, спараджае суровую дылему паміж выжываньнем людзей, уратаваньнем іх ад хваробы, і выжываньнем эканомікі, якая таксама ёсьць умовай выжываньня людзей. Пра гэта гаворыць, прынамсі, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ды й палітыкі — прыхільнікі карантыну і локдаўну — таксама гавораць. Ці ёсьць рашэньне гэтай праблемы ў агульным выглядзе, ад чаго залежыць яе рашэньне ў той ці іншай краіне?

— Максыма Дональда Трампа: «Лекі не павінна быць горшымі за саму хваробу». Лёгіка гэтай тэзы ня можа быць аспрэчаная. Іншая справа, што палітыка ў сучасным сьвеце зробленая так, што палітык вымушаны падладжвацца пад густы сваіх выбарнікаў. Інакш кажучы, палітык не павінен быць разумнейшым за сваіх выбарнікаў, інакш яны яго не зразумеюць. Рашэньне імгненных праблем, якое прадухіляе сьмерць старых, лягчэй даходзіць да сьвядомасьці людзей, чым абстрактная спроба прадухіліць спыненьне эканомікі і тым самым магчымы сацыяльны распад, які можа прывесьці да зьдзічэньня грамадзтва. Даводзіцца намацваць кампраміс паміж крайнімі пазыцыямі. Для радыкальных рашэньняў, нават самых выратавальных, у палітыкаў няма сіл. Аб правільнасьці стратэгій давядзецца меркаваць па выніках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мацкевіч пра рэакцыі на сьмерці праз COVID-19: «Кіраўнік дзяржавы — чалавек невялікай культуры»

— Ці не мяняе разуменьне гуманнасьці гэтая дылема? Ці не мяняюць разуменьне гуманнасьці пікавыя перагрузкі шпіталяў хворымі, недахоп неабходнага мэдычнага абсталяваньня — калі даводзіцца рабіць выбар, каго лячыць?

— Праблема ня ў тым, ці мяняе дылема паняцьце гуманізму, а ў тым, ці будзе зьмена доўга- або кароткачасовай. Усе памежныя сытуацыі кшталту вайны або пандэміі зьніжаюць плянку напрацаванага гуманізму, таму што выяўляюць галоўнае, адсейваюць неабавязковае. Гэта называецца пазнаньнем меры рэчаў. Калі ў рэальнасьці паўстае такі бязьлітасны выбар — лячыць маладога, даўшы памерці старому, то адказ ні ў кога не выклікае сумневу, Іншая справа, калі ёсьць магчымасьць лячыць абодвух, але гэта не абмяркоўваецца. Выбар заўсёды павінен рабіцца на карысьць будучага, а не мінулага жыцьця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Шуман: Пагроза страты незалежнасьці нашай краіны зноў імкліва павялічваецца

— Ужо цяпер эканамічныя экспэрты фіксуюць падзеньне ўсясьветнай эканомікі, прагназуецца і далейшае падзеньне — спрэчкі ідуць толькі наконт таго, наколькі яно будзе глыбокім. Як зьменяцца вагі асноўных геапалітычных гульцоў на міжнароднай арэне — ЗША, Кітай, Эўразьвяз, Расея? Хто ўмацуецца, хто аслабее?

— Тэарэтычна бэнэфіцыярам эканамічнага крызісу выглядае Кітай. Закрытае аўтарытарнае грамадзтва з мабілізацыйнай эканомікай лепш прыстасаванае для пераадоленьня крызісных сытуацый — рашэньні больш апэратыўныя. Дэмакратыя заўсёды прайграе аўтарытарызму ў апэратыўнасьці прымаемых рашэньняў, але выйграе ў працэсе выпраўленьня непазьбежных памылак. Няма сумневу ў тым, што ў далёкай пэрспэктыве будзе пераважаць гаспадарка тых грамадзтваў, дзе захаваецца канкурэнцыя эканамічных рашэньняў на мікраўзроўні — тых краін, якія і сёньня невыпадкова зьяўляюцца самымі разьвітымі. Сацыяльныя законы — гэта таксама законы прыроды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фядута: Лукашэнка зыходзіць з уласнага ўяўленьня: «Ты вірус бачыла? Не. І я не»

— Ці чакаеце вы ў сувязі з цяперашнім крызісам вялікай вайны?

— Вялікай вайны не чакаю — дэструктыўная энэргія чалавецтва будзе гэтай пандэміяй вычарпаная. Яна зьяўляецца ў значнай меры сурагатам вайны.

— Як пандэмія ўжо мяняе і яшчэ памяняе сьвет у сэнсе інтэлектуальнай моды? Якія ідэалёгіі, вераваньні набудуць большую папулярнасьць, як сьвет сам сабе будзе тлумачыць, што зь ім адбываецца?

— У любым сэнсе памылкова думаць, што ў выніку пандэміі чалавецтва ўсьвядоміць нешта вялікае і важнае, вернецца да нейкіх забытых вытокаў, стане больш рэлігійным, менш спажывецкім і г.д. Нічога гэтага хутчэй за ўсё не адбудзецца. Ад бубоннай чумы таксама чакалі падобнага эфэкту, а замест новага гатычнага аскетызму прыйшло Адраджэньне — чалавек у цэнтры сьветабудовы, зь яго цялеснымі і пажадлівымі спакусамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марціновіч: Беларусы нават ад вірусу сыходзяць у партызаны

— Пандэмія дае мноства прыкладаў салідарнасьці, узаемадапамогі, ахвярнасьці і мноства прыкладаў эгаізму, наўпрост паводле лягернага закону — памры ты сёньня, а я заўтра. А чаго больш? А чаго больш будзе далей?

— Салідарнасьць — уласьцівасьць калектыўнага інстынкту, рэфлекс захаваньня віду. Поўнага зьдзічэньня чалавека не чакаю. Выжыць у адзіночку недастаткова, выжываньне мае сэнс толькі ў выпадку, калі захоўваецца чалавечы від. Тады салідарнасьць робіцца часткай этыкі.