«Мэдыя-Палесьсе» абвясьціла збор грошай для сям’і памерлага журналіста Мацкевіча

Журналіст Васіль Мацкевіч

Раніцай 11 красавіка ў рэанімацыі Пінскай раённай лякарні памёр журналіст «Мэдыя-Палесься» Васіль Мацкевіч. Яго шпіталізавалі зь цяжкім дыханьнем у ноч на 11-га, узялі тэст на каранавірус за тры дні да таго — вынікі тэсту па-ранейшаму не паведамляюць.

Рэдакцыя «Мэдыя-Палесься» адкрыла на Molamola.by збор грошай на дапамогу ягонай сям’і. Усіх неабыякавых просяць ахвяраваць грошы як даніну павагі памерламу і ягонай справе.

«Ягоная праца дазваляла знайсьці справядлівасьць у гэтым сьвеце, а сьмелыя тэксты дапамагалі мяняць жыцьцё да лепшага. Яго не любілі крывадушнікі і паважалі людзі сумленныя», — піша «Мэдыя-Палесьсе» пра Васіля Мацкевіча.

У памерлага засталіся 18-гадовы сын-студэнт і стары бацька. Мацкевіч зьбіраў грошы на апэрацыю сыну, але не пасьпеў набраць патрэбную суму.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ