Менчука злавілі на продажы фальшывых «рэсьпіратараў» на 70 000 рублёў

Ілюстрацыйнае фота

Менскі Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў выявіў факт продажу «павязак сумнеўнай якасьці» пад выглядам рэсьпіратараў на суму звыш 70 тысяч рублёў. Завялі крымінальную справу.

Паводле Камітэту дзяржаўнага кантролю, мянчук, раней судзімы за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць і ўхіленьне ад падаткаў, праз інтэрнэт прымаў замовы на рэсьпіратары клясаў FPP2 і FPP3 вядомых вытворцаў. Продаж ён ладзіў праз жонку, зарэгістраваную індывідуальнай прадпрымальніцай.

«Патэнцыйных пакупнікоў мужчына пераконваў, што рэсьпіратары маюць неабходныя сэртыфікаты, аднак насамрэч гэта былі павязкі сумнеўнай якасьці і без маркіроўкі», — піша Дзяржкантроль.

За «рэсьпіратары» мужчыну плацілі накладзеным плацяжом, а дастаўку ён рабіў праз кур’ераў «Белпошты». Пакупнікі не маглі праверыць тавар да атрыманьня або адмовіцца, атрымаўшы. На сайтах мужчына пазначаў два нумары тэлефонаў: для кансультацыяў перад купляй і для прэтэнзіяў пасьля. Ды датэлефанавацца на другі нумар не ўдавалася.

Пакуль выявілі звыш 300 пакупнікоў фальшывых «рэсьпіратараў», а суму пакупак ацэньваюць у больш як 70 тысяч рублёў. Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу аб махлярстве (ч. 1 арт. 209 КК), а за гэта пагражае штраф, грамадзкія работы, папраўчыя работы на тэрмін да 2 гадоў, абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў.

Падазраванага затрымалі, цяпер ён у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ