36 памерлі. Міністэрства аховы здароўя прызнала 3728 выпадкаў COVID-19 у Беларусі, плюс 447 за дзень

Міністэрства аховы здароўя апублікавала 15 красавіка ў сваім Telegram-канале афіцыйную статыстыку распаўсюду новага каранавірусу ў Беларусі.

Паводле міністэрства, на раніцу 15 красавіка:

  • 3728 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі зарэгістраваныя агулам (міністэрства называе гэта колькасьцю «людзей з наяўнасьцю каранавіруснай інфэкцыі», уключае ў яе выпісаных і памерлых);
  • колькі хворых шпіталізавалі, колькі адправілі дамоў хворымі і колькі выпісалі здаровымі, перасталі паведамляць, але з ранейшых зьвестак можна зрабіць выснову, што на самаізаляцыю адправілі нейкую колькасьць інфікаваных, да 634 чалавек;
  • 68 пацыентаў «маюць патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх» (міністэрства не называе колькасьці пацыентаў у цяжкім і крытычным стане);
  • 36 памерлі, міністэрства сьцьвярджае, што памерлыя мелі «шэраг хранічных захворваньняў з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй»;
  • з гэтага і з ранейшых зьвестак вынікае, што ў Беларусі зафіксавалі 447 новых выпадкаў і 3 сьмерці за дзень;
  • у краіне ад пачатку эпідэміі праведзена 76 198 тэстаў у 24 лябараторыях, у тым ліку прыватных.

Днём раней міністэрства паведамляла пра 3281 выпадак каранавірусу (362 выпадкі за дзень), 33 памерлых. Па стане на 14 красавіка Мінздароўя фіксавала такі распаўсюд COVID-19 па рэгіёнах:

  • 1691 у Менску;
  • 359 у Менскай вобласьці (бязь Менску);
  • 848 у Віцебскай вобласьці;
  • 151 у Магілёўскай вобласьці;
  • 106 у Гомельскай вобласьці;
  • 73 у Берасьцейскай вобласьці;
  • 53 у Горадзенскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 2 мільёны выпадкаў заражэньня каранавірусам у сьвеце. Памерлі звыш 126 тысяч чалавек

Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Мінздароўя не залічвае ў памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.

11 красавіка місія Сусьветнай арганізацыі здароўя на брыфінгу расказала пра вынікі вывучэньня сытуацыі ў Беларусі, заклікала да дадатковых захадаў дыстанцыяваньня і да скасаваньня масавых мерапрыемстваў, а таксама да «падрыхтоўкі да найгоршых сцэнароў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўнае ТВ схадзіла на прэс-канфэрэнцыю САЗ. Вось што атрымалася. ВІДЭА

На нарадзе зь міністрам аховы здароўя і шэрагам чыноўнікаў 13 красавіка Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг выказваньняў пра пандэмію каранавірусу.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ