Колькі яшчэ трываць? Як эўрапейскія краіны вяртаюцца да нармальнага жыцьця

Машыны ля крамы, адкрытай пасьля паслабленьня карантну ў Аўстрыі. 14 красавіка.

Эўрапейскія краіны, у якіх пройдзены пік эпідэміі каранавірусу, разважаюць пра тое, як паступова вярнуцца да нармальнага жыцьця. У некаторых дзяржавах, дзе справіцца з распаўсюдам інфэкцыі атрымалася найхутчэй, карантынныя захады ўжо паслаблены ці будуць паслабленыя ў наступныя дні і тыдні. Прапануем агляд, які падрыхтавала карэспандэнтка расейскай службы Свабоды Аляксандра Вагнер.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Італія

Вялікодная служба ў пустым саборы

Пасьля велікодных сьвятаў у Італіі, упершыню пасьля больш чым месяца карантыну, калі на вуліцу выходзіць можна было толькі ў аптэку, харчовую краму ці выгуляць сабаку, адкрыліся кніжныя крамы і крамы дзіцячага адзеньня. У Венэта — толькі на два дні на тыдзень. Затое цяпер тут можна займацца спортам на сьвежым паветры (раней гэта было забаронена рабіць на адлегласьці больш як 200 мэтраў ад дома). Нашэньне масак і пальчатак не скасавалі: іх трэба надзяваць кожны раз, калі выходзіш з дома на вуліцу.

Італія займае трэцяе месца ў колькасьці выпадкаў заражэньня каранавірусам у сьвеце, аднак у гэтай краіне ўзровень тэставаньня насельніцтва высокі — больш за 17 тысяч тэстаў на 1 мільён жыхароў. Гэта прыблізна 50 тысяч аналізаў штодня. Менавіта гэта, як сказаў прэм’ер-міністар Джузэпэ Контэ ў інтэрвію BBC, ужо да канца красавіка дазволіць аслабіць карантынныя захады. Акрамя тэставаньня, ёсьць яшчэ адзін аргумэнт на карысьць плянаў аслабіць карантын: у апошнія 10 дзён колькасьць людзей у рэанімацыях ў крытычным стане памяншаецца, зьніжаецца і сьмяротнасьць. 8 красавіка ў Італіі паставілі першы рэкорд па колькасьці людзей, якія ачунялі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Італіі ўпершыню за месяц інфікаваліся менш за 3 тысячы чалавек у суткі

Новыя карантынныя правілы закрануць ня ўсю краіну. Лямбардыя — адзін з эпіцэнтраў эпідэміі — будзе жыць у тым жа рэжыме, што і раней, і карантын там у найбліжэйшы час паслабляцца ня будзе. У Венэта паслабленьне карантынных захадаў адбудзецца ў меншым абʼёме, чым у тых рэгіёнах, дзе выпадкаў хваробы было менш.

Аўстрыя

Кветкавы рынак у Вене пасьля адкрыцьця

У Аўстрыі эпідэмія каранавіруснай інфэкцыі пачалася прыблізна ў той жа час, што і ў Італіі. Тут пасьля велікодных сьвятаў адкрыліся некаторыя гандлёвыя пункты — напрыклад, крамы для садаводаў і будаўнічыя супэрмаркеты плошчай ня больш за 400 квадратных мэтраў. У нядзелю канцлер Аўстрыі Зэбаст’ян Курц заявіў, што мае намер «як мага хутчэй выйсьці з крызісу і змагацца за кожнае працоўнае месца». Узровень беспрацоўя ў Аўстрыі за час карантыну дасягнуў узроўню пасьляваеннай эры, бяз працы апынуліся больш за 550 тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: пяць краін, якія першымі адновяць эканоміку і вернуцца да нармальнага жыцьця

Аўстрыйскія эпідэміёлягі пацьвярджаюць, што ў краіне ўдалося згладзіць крывую захворваньня і паменшыць колькасьць хворых на піку эпідэміі. Тым ня менш поўнае вяртаньне да ранейшага жыцьця будзе паступовым. Згодна з плянамі ўраду, пра якія абвясьцілі на выходных, з 1 траўня адкрыюцца вялікія гандлёвыя цэнтры і цырульні, а ў сярэдзіне траўня, калі сытуацыя не пагоршыцца, запрацуюць рэстараны і кавярні.

Аўстрыя — у параўнаньні з суседняй Італіяй — рэгіструе значна менш выпадкаў каранавірусу. Цяпер іх 6500, больш за палову хворых ужо паправіліся.

ЗША

Супрацоўнік шпіталю ў Нью-Ёрку кантактуе з сынам праз вакно.

Нават у краіне, дзе колькасьць хворых цяпер самая вялікая ў сьвеце, больш за паўмільёна чалавек, а ад ускладненьняў COVID-19 памерла больш за 20 тысяч, ужо пачалі абмяркоўваць плян паступовага паслабленьня карантыну. У Нью-Ёрку, эпіцэнтры эпідэміі, губэрнатар штата Эндру Куома напярэдадні выказаў здагадку, што пік пройдзены, паколькі зьменшыліся паказчыкі сьмяротнасьці і колькасьці хворых, якім патрэбная рэанімацыйная дапамога. Паводле Куома, ён і губэрнатары шасьці суседніх штатаў ужо распрацоўваюць плян аднаўленьня эканамічнай актыўнасьці. Аднак гэта можна будзе зрабіць пасьля масавага тэставаньня, аб пачатку якога пакуль абвешчана не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ЗША больш за ўсіх у сьвеце цярпяць ад пандэміі?

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у панядзелак заявіў, што яго адміністрацыя разьлічвае ўжо 1 траўня аслабіць абмежавальныя захады. Цяперашні рэжым, абвешчаны Белым домам раней, пры якім рэкамэндуецца адмовіцца ад усіх неабавязковых паездак, не хадзіць у рэстараны і не зьбірацца адначасова ў колькасьці больш за дзесяць чалавек, дзейнічае да 30 красавіка. Пры гэтым прэзыдэнцкія паўнамоцтвы не распаўсюджваюцца на магчымасьць адмены захадаў, уведзеных на ўзроўні штатаў. На пытаньне, ці могуць зноў быць уведзеныя строгія абмежаваньні, калі наступіць другая хваля эпідэміі, Трамп сказаў, што не выключае гэтага.

Чэхія

Ва аўторак урад Чэхіі апублікаваў плян паступовага зьмякчэньня карантынных захадаў. 20 красавіка запрацуюць фэрмэрскія рынкі, аднак без магчымасьці продажу гатовай ежы, а таксама рамесныя майстэрні і цэнтры па продажы патрыманых аўтамабіляў. Дазволяць вясельлі колькасьцю ня больш за 10 чалавек. Праз тыдзень пасьля гэтага адкрыюцца іншыя гандлёвыя пункты, плошчай да 200 квадратных мэтраў, а ў самым канцы пераходнага пэрыяду, які павінен завяршыцца 8 чэрвеня, — буйныя гандлёвыя цэнтры. 25 траўня запрацуюць рэстараны і кавярні з тэрасамі на вуліцы, цырульні, музэі, галерэі. З гэтага часу будуць дазволеныя культурныя і грамадзкія імпрэзы колькасьцю да 50 чалавек. Усё гэта будзе магчыма, калі ў наступныя два тыдні ня будзе новага ўсплёску захворваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СOVID-19 у Чэхіі: там, дзе ёсьць інфармацыя, няма панікі

У Чэхіі будаўнічыя супэрмаркеты адкрыліся яшчэ да велікодных сьвятаў: у чацьвер і пятніцу на мінулым тыдні тут былі вялікія чэргі, але, паводле статыстыкі, гэта не прывяло да ўсплёску ўзроўню захворваньня (у аўторак вечарам пазытыўны тэст на каранавірус быў толькі ў 52 захварэлых, памяншэньне колькасьці новых выпадкаў адбываецца трэці дзень запар). Таксама на мінулым тыдні запрацавалі роварныя крамы, адкрыліся спартовыя пляцоўкі на адкрытым паветры, а нашэньне ахоўных масак адмянілі для дзяцей да двух гадоў, кіроўцаў аўтобусаў і трамваяў, а таксама хворых на аўтызм.

З пачатку эпідэміі ў Чэхіі COVID-19 захварэлі больш за 6 тысяч чалавек, але пакуль вельмі мала ачунялых — крыху больш за 500. Нізкія паказчыкі выяўленых выпадкаў заражэньня ў параўнаньні зь іншымі краінамі ЭЗ зьвязаныя з тым, што строгія карантыныня захады, закрыцьцё межаў, абавязковае нашэньне масак нават на вуліцы былі ўведзеныя на раньнім этапе распаўсюджваньня інфэкцыі.

Іншыя краіны

У Даніі на гэтым тыдні адкрыліся дзіцячыя садкі і пачатковыя школы. Пры гэтым выкладчыкам і выхавальнікам рэкамэндуецца як мага больш часу праводзіць з дзецьмі на сьвежым паветры. Прычына такога рашэньня — у неабходнасьці забясьпечыць умовы для вяртаньня людзей на працоўныя месцы. У Даніі, як і ў Нарвэгіі, колькасьць тых, хто заразіўся каранавірусам, не дасягае 7 тысяч чалавек. Урад у Осла таксама вырашыў, што адкрые дзіцячыя садкі, праўда, праз тыдзень, а з 27 красавіка — пачатковыя і сярэднія школы. Вучэльні і ВНУ пакуль адкрыюцца толькі для тых, каму сёлета трэба здаваць выпускныя іспыты.

Нямеччына, Францыя, Швэцыя: не аслабіць, а ўзмацніць карантын

Швэцыя застаецца адной зь нешматлікіх краінаў Эўропы, дзе не былі ўведзеныя строгія карантынныя захады: школы, кавярні, бары і рэстараны былі адкрыты, аднак у аўторак прэмʼер-міністра краіны Стэфан Лофвэн заявіў, што, магчыма, неабходна будзе ўвесьці абмежаваньні, таму што ўзровень сьмяротнасьці дасягнуў рэкордных з пачатку эпідэміі 1033 чалавек. Пры гэтым у гэтай краіне колькасьць захварэлых не перавышае 11 тысяч чалавек.

Тэст на каранавірус у Кёльне

У Нямеччыне, як заявіла канцлер Ангела Мэркель, да 19 красавіка аслабляць карантын ня будуць, а пасьля гэтай даты ўсё будзе залежыць ад разьвіцьця эпідэміі і рашэньняў, якія прыме ўрад. Тут пік эпідэміі пакуль ня пройдзены. Тое ж тычыцца і Францыі. У гэтай краіне ўведзеныя дадатковыя абмежаваньні на выезд за мяжу (для гэтага трэба атрымліваць спэцыяльны дазвол). Яны дзейнічаюць да 15 красавіка, але будуць, хутчэй за ўсё, працягнутыя.

Яшчэ на мінулым тыдні абмежаваньні на перамяшчэньне — паромнае злучэньне зь Нямеччынай, Швэцыяй і Эстоніяй — увялі ў Фінляндыі, а Баўгарыя забараніла ўезд на сваю тэрыторыю іншаземцам, за выключэньнем грамадзянаў краінаў ЭЗ. Нягледзячы на тое, што Грэцыі ўдаецца пасьпяхова стрымліваць эпідэмію, строгія карантынныя захады былі ўведзеныя на астравах Міканас і Тыра.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ