У сувязі з пандэміяй у беларускім войску абмежавалі наведваньні і звальненьні

Ілюстрацыйнае фота. У вайсковай частцы Печы пад Барысавам, 2017 год

У беларускіх Узброеных сілах у сувязі з каранавірусам часова абмежавалі звальненьні і наведваньні вайскоўцаў, а таксама перамяшчэньні воінскіх падразьдзяленьняў, паведаміла афіцыйная прадстаўніца Мінабароны Натальля Гаўрусік у Facebook.

Паводле яе, каб кантраляваць здароўе ў войску, на кантрольна-прапускных пунктах вайсковых частак стварылі мэдыцынскія пасты, дзе ўсе вайскоўцы кантрактнай службы і цывільны пэрсанал штодня, перш чым прайсьці на тэрыторыю часткі, праходзяць мэдагляд, пры неабходнасьці ім мераюць тэмпэратуру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Веснавы прызыў у войска праз каранавірус пераносіць не плянуюць

Асаблівую ўвагу ўдзяляюць кантролю за станам здароўя ўдзельнікаў параду, падкрэсьліла Гаўрусік. Паводле яе, на сёньня ў войску «ўдаецца захаваць спрыяльнае эпідэміялягічнае становішча».

Міністэрства абароны вырашыла дапамагчы мэдыцынскім установам Беларусі: у лякарні краіны перадалі апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, кіслародна-інгаляцыйныя станцыі, кожная зь якіх можа ажыцьцяўляць кіслародную падтрымку адначасова 20 пацыентаў, і іншае мэдыцынскае абсталяваньне.

Тым часам у Тэлеграм-канале «Баста!» 15 красавіка зьявілася інфармацыя пра некалькі выпадкаў заражэньня каранавірусам у беларускім войску, сярод іх — у роце, салдаты якой прымалі ўдзел у рэпэтыцыі параду на 9 траўня ў Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вайскоўцы бяз масак, лекары — хто як». Прызыўнік расказаў, як працуе мэдычная камісія ў Гомлі

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ