«Мы ні ў чым не памыліліся». Лукашэнка ўпэўнены ў тактыцы барацьбы з каранавірусам 

Аляксандар Лукашэнка. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі выбралі правільную тактыку барацьбы з каранавірусом, заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня на Вялікдзень Сьвята-Благавешчанскага Лядзенскага храму ў Смалявіцкім раёне.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Я зараз ня бачу, што мы ў чымсьці памыліліся, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Усялякае можа быць. Але нават вы, людзі быццам не настолькі залучаныя ў гэты працэс, бачыце, што беларусы зрабілі ўсё правільна. Я сыходзіў з таго, што вы самі трымаеце сваё жыцьцё ў сваіх руках і лепш ім распарадзіцеся, чым я ці, можа быць, Гасподзь», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка з сынам выправіўся ў манастыр пад Смалявічамі 

Аляксандар Лукашэнка выказаў упэўненасьць што «беларусы пройдуць гэты пэрыяд годна». Галоўнае, падумаць, як пераадольваць наступствы «псыхозу».

«Аднаму цяжка ў сьвеце, асабліва ісьці супраць плыні, — сказаў ён. — Але я ўсё ж прыняў рашэньне, што мы ня мусім закрывацца, павінны працаваць. А як можна зачыніцца і не працаваць, калі на вёсцы сяляне сеюць? І калі не пасеюць, значыць, есьць ня будзе чаго. Нават тыя, хто зачыніліся, пачалі адкрываць заводы, фабрыкі, дзіцячыя дамы, школы. А ў гэты час у іх яшчэ гінуць — да шасьцісот чалавек у суткі. Навошта, пытаюся, было спыняць жыцьцё?» — задаўся пытаньнем Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці моцна рызыкуе Лукашэнка, адмаўляючы праблему каранавірусу

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ