Вайскоўцы Расеі і Кітаю адмовіліся ад удзелу ў парадзе ў Менску

Ілюстрацыйнае фота. Кітайскія вайскоўцы на рэпэтыцыі параду на Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусі 3 ліпеня. 1 ліпеня 2019 году

30 красавіка трэнінгу роты ганаровай варты на праспэкце Пераможцаў не адбудзецца. Яго перанесьлі на 5 і 6 траўня, і пройдзе ён на тэрыторыі вайсковай камэндатуры ва Ўруччы. Пра гэта Свабодзе паведаміла прэс-сакратарка Міністэрства абароны Натальля Гаўрусік.

Таксама Натальля Гаўрусік зьняпраўдзіла ранейшае паведамленьне Свабоды, што напярэдадні, 29 красавіка, не адбылося рэпэтыцыі вайсковай тэхнікі, якая будзе залучаная ў парад 9 траўня.

«Рэпэтыцыя адбылася ўчора ўвечары ў раней прызначаны час. Яна прайшла ў фармаце, які завецца „пешы па машынным“ — бяз выезду вайсковай тэхнікі. Гэта своесаблівы агляд мясцовасьці для мэханікаў-кіроўцаў, калі яны прыяжджаюць вывучыць маршрут, якім пазьней павядуць тэхніку. Такая форма правядзеньня рэпэтыцыяў часта выбіраецца перад тым, як пачаць трэнінгі з тэхнікай», — сказала прэс-сакратарка Міністэрства абароны Натальля Гаўрусік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэпэтыцыі параду ў Менску не адбылося. ФОТА

Паводле яе, інфармацыі аб скасаваньні параду яна ня мае.

Раней плянавалася, што 9 траўня ў парадзе, акрамя беларускіх вайскоўцаў і супрацоўнікаў МУС, возьмуць удзел таксама вайскоўцы з Расеі і Кітаю.

«Вайсковыя ведамствы Расеі і Кітаю паведамілі, што прынялі рашэньне не накіроўваць асабісты склад для ўдзелу ў вайсковым парадзе ў Менску 9 траўня», — сказала Натальля Гаўрусік.

Прэс-сакратарка паўтарыла, што да 9 траўня адбудзецца прынамсі адна генэральная рэпэтыцыя параду, але дату пакуль не прызначылі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У ганаровай варце хворых на каранавірус няма, пра іншых высьвятляем». Чаму 27 красавіка адмянілі рэпэтыцыю параду?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны зьмяніла плян трэніровак удзельнікаў параду на 9 траўня