Беларусь будзе прадаваць у Кітай калій па 220 даляраў за тону. Раней цана перавышала 1000 

2-е рудаўпраўленьне ў Салігорску

Беларуская калійная кампанія (БКК) дасягнула прынцыповага пагадненьня адносна кантракту з Кітаем на пастаўкі хлёркалію.

Як вынікае з карпаратыўнага паведамленьня, на якое спасылаецца Інтэрфакс, цана з пастаўкамі ў 2020 годзе складзе 220 даляраў за тону са зьніжэньнем на 70 даляраў да ўзроўню папярэдніх дамоваў. Папярэдні кантракт прадугледжваў цану 290 даляраў за тону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто зьбяднее, а хто заробіць падчас эпідэміі. Разьбіраемся з экспэртамі

Прыкладна па такіх цэнах калійныя ўгнаеньні прадаваліся ў сярэдзіне 2000-х, а 10 гадоў таму па асобных кантрактах цэны перавышалі 1000 даляраў за тону.

Праз эпідэмію каранавірусу Кітай на 30% скараціў імпарт хлёркалію, маючы значныя яго запасы.

Беларусь займае 3 месца ў сьвеце паводле калійных запасаў пасьля Канады і Расеі (блізу 10% усясьветных запасаў). Недахоп беларускай сыравіны палягае ў нізкім зьмесьціве ўласна калію ў рудзе — да 20%, у параўнаньні з 30% на радовішчах Канады і да 35% у Расеі.