Брытанскі прэм’ер расказаў, як хварэў на COVID-19: «Лекары рыхтаваліся да горшага»

Борыс Джонсан

Прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, які перанёс каранавірусную інфэкцыю і нядаўна вярнуўся да працы, у інтэрвію The Sun распавёў падрабязнасьці аб ходзе сваёй хваробы і пацьвердзіў, што лекары асьцерагаліся сьмяротнага зыходу.

УЖЫВУЮ Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Па словах Джонсана, калі стан яго здароўя пагоршыўся, яго акружэньню прыйшлося рыхтаваць пляны на выпадак, як ён выказаўся, «сцэнара, падобнага „Сьмерці Сталіна“» — маючы на ўвазе сатырычны фільм рэжысэра Арманда Янучы пра сьмерць савецкага правадыра. Лекары, як сказаў брытанскі прэмʼер, рыхтаваліся да горшага. Ўсурʼёз абмяркоўвалася магчымасьць яго падлучэньня да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх — у нейкі момант, па словах прэмʼера, верагоднасьць гэтага была 50 на 50.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джонсан папярэдзіў брытанцаў пра рызыку другой хвалі пандэміі

Джонсан распавёў, што з цягам хваробы ўсё больш падаў духам: «Я не разумеў, чаму мне не становіцца лепш». У рэшце рэшт, Джонсана шпіталізавалі.

«Мне на твар надзелі кіслародную маску і пачалі падаваць мне многія літры кіслароду». Ўсю сурʼёзнасьць сытуацыі ён усьвядоміў, калі яго падключылі да манітораў, і яны паказалі, што яго стан па-ранейшаму пагаршаецца. Тады прэмʼера перавялі ў аддзяленьне інтэнсіўнай тэрапіі.

«Увесь гэты час я думаў пра тое, ці ўдасца мне выбрацца. Я зразумеў, што ад каранавіруснай інфэкцыі няма лекаў».

У рэшце рэшт, стан Джонсана стаў паляпшацца. Ён прызнаецца, што дакладна ня ведае, што менавіта стала прычынай паляпшэньня.

Джонсан правёў у шпіталі ў Лёндане тыдзень і пасьля быў выпісаны на далечваньне. Праз два тыдні ён вярнуўся да выкананьня абавязкаў.

Неўзабаве пасьля акрыяньня прэмʼера ў яго і яго нявесты Кэры Саймондс нарадзіўся сын. Яго назвалі Ўілфрэд Нікалас — другое імя бацькі далі ў гонар лекараў Нікаласа Прайса і Нікаласа Харта, якія лячылі Джонсана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Борыс Джонсан назваў сына ў гонар лекараў, якія выратавалі яму жыцьцё
  • Па афіцыйных дадзеных, у Вялікай Брытаніі выявілі больш за 180 тысяч інфікаваных каранавірусам, гэта чацьвёртае месца ў сьвеце. Памерлі ад інфэкцыі больш за 28 тысяч чалавек. Ужо больш за месяц у краіне дзейнічае карантын, забаронена выходзіць з дому, акрамя як па неадкладных патрэб.
  • Прэса і апанэнты Джонсана крытыкавалі ўрад за адносна позьняе — у параўнаньні з большасьцю эўрапейскіх краін — прыняцьце карантынных захадаў. Паводле сацыялягічных апытаньняў, большая частка брытанцаў падтрымлівае карантын і асьцерагаецца занадта раньняга выхаду з яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанія выйшла на другое месца ў Эўропе ў сьмяротнасьці ад каранавірусу пасьля абнаўленьня статыстыкі

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ