У райцэнтры Чэрыкаве на карантын зачынілі ўсе школы. COVID-19 выявілі ў пэдагогаў, мясцовыя ўлады кажуць пра «сур’ёзную сытуацыю», але не называюць лічбаў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У аддзеле адукацыі Чэрыкаўскага райвыканкаму кажуць пра тры закрытыя школы. Сытуацыю ацэньваюць як сур’ёзную. Высьветліць колькасьць настаўнікаў, у якіх выявілі каранавірусную інфэкцыю, не ўдалося.
У прыватнай гутарцы адзін з пэдагогаў, які папрасіў захаваць ананімнасьць, паведаміў пра шпіталізацыю прынамсі трох настаўнікаў школы № 2 з COVID-19. Паводле яго, цяпер рыхтуюцца пакоі для ізаляцыі кантактаў першага ўзроўню.
«Абстаноўка ў нас дужа неспакойная, — кажа адзін з жыхароў райцэнтру. — Чутак шмат. Разабрацца, дзе што праўдзівае, а што выдуманае, складана. Афіцыйных паведамленьняў пра сытуацыю ў раёне няма...»
1 траўня раённая газэта «Веснік Чэрыкаўшчыны» зьвярнулася да жыхароў раёну, каб тыя «бязь пільнай неабходнасьці не пакідалі свае дамы».
Уважаемые жители Чериковского района, настоятельно призываем вас без крайней необходимости не покидать свои домаhttps://t.co/OGYEaILnkp pic.twitter.com/73JAPxjICB
— Веснік Чэрыкаўшчыны (@cherikovnews) May 1, 2020
«Пераканаўча просім бацькоў, чые дзеці сталі кантактамі 1-га ўзроўню, забясьпечыць самаізаляцыю дзіцяці і заставацца зь ім дома, сышоўшы ў сацыяльны ці працоўны водпуск», — гаворыцца ў звароце.
Свабодзе таксама стала вядома, што, акрамя настаўнікаў, COVID-19 выявілі ў 5 чэрыкаўскіх работнікаў аб’яднаньня «Магілёўэнэрга». Іхныя кантакты першага ўзроўню ізаляваныя.
Чэрыкаўскі раён — адзін з самых пацярпелых ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 25 вёсак былі адселеныя, а сядзібы закапаныя. З раёну зьехала 40 працэнтаў насельніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У радзільні Лукашэнкі непадалёк ад яго рэзыдэнцыі выявілі каранавірус?«Для нашага невялікага раёну гэта трывожная лічба»
Намесьніца старшыні чэрыкаўскага райвыканкаму Ларыса Асмалоўская не назвала карэспандэнту Свабоды лічбы хворых на каранавірус у горадзе і раёне, але запэўніла, што «дзясяткаў няма».
«Для нашага невялікага раёну гэта трывожная лічба. Таму мы адпрацоўваем усе кантакты 1-га і 2-га ўзроўню. У школах мы пайшлі на індывідуальнае навучаньне. Калі настаўнік захварэў, то ў яго будуць кантакты, таму ў гэтай сытуацыі лепш засьцерагчыся. У сваіх інтэрнэт-СМІ мы адкрыта інфармуем, просім бацькоў, калі іх дзеці былі кантактамі 1-га ўзроўню, то забясьпечыць самаізаляцыю. Было прынята рашэньне каардынацыйнага штабу абмежаваць кантакты — і бацькі да гэтага паставіліся спакойна. Ва ўсіх дзяцей створаны чаты па клясах», — сказала чыноўніца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр 36-гадовы супрацоўнік шпіталя ў Буда-Кашалёве — пнэўманія і каранавірусПаводле Асмалоўскай, ніводзін чалавек у раёне не ляжыць на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
«Тых, хто захварэў на пнэўманію, забралі ў Магілёў у тубдыспансэр, гэта больш надзейна. Хворых з пнэўманіяй без COVID-19 у Чэрыкаве ў лякарні ляжыць чатыры чалавекі. Магчыма, нехта ўжо выпісаўся. А тых, у каго станоўчы аналіз па каранавірусе — гэта два чалавекі, мы накіравалі ў Магілёў. Усюды сёлета ўспышка пнэўманій. Усім, хто трапляе да нас з пнэўманіяй, мы робім тэст на COVID-19», — сказала намесьніца старшыні чэрыкаўскага райвыканкаму.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ