Агаворка Лукашэнкі, або Якім вэтэранам патрэбна шоў

Рэпэтыцыя параду. Менск, 2019 год. Ілюстрацыйнае фота.

Абсалютная большасьць тых, хто ўваходзіць у Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў, ня маюць ніякага дачыненьня да Другой сусьветнай вайны.

Мая маці, якая ў 5 гадоў (на трэці тыдзень вайны, у ліпені 1941) засталася фактычна сіратой (маці загінула, бацька быў ужо на фронце) абураецца намерам правесьці парад на 9 траўня. Ёй гэтага ня трэба. Ні як дачцэ вэтэрана вайны, ні як 85-гадовай грамадзянцы Беларусі, жыцьцё якой наўпрост залежыць ад эпідэмалягічнай сытуацыі і наяўнасьці свабоднага месца ў чарзе на МРТ (у Віцебску такі апарат — толькі адзін).

Ягор Мельнікаў (у верхнім шэрагу другі зправа). Бэрлін, 26 чэрвеня 1945.

Яе бацька, мой дзед Ягор Мельнікаў, прайшоў вайну салдатам ад чэрвеня 1941 (быў прызваны ў войска 17-га, за некалькі дзён да нападу немцаў) і да траўня 1945 (дэмабілізаваўся толькі ў кастрычніку), быў двойчы цяжка паранены, меў баявыя ўзнагароды, у тым ліку мэдалі "За отвагу" і "За боевые заслуги". Як бы адказаў дзед, калі б яму прапанавалі выбар: парад у твой гонар, альбо 50 апаратаў МРТ, ці іншых мэдычных апаратаў, для тваіх дачок, для сына, для ўнукаў ды праўнукаў? А калі б яшчэ дадалі, што коштам такога параду — не, ня бою з ворагам, а параду — можа быць сьмерць праўнука ад сьмяротнай хваробы? Ці аднагодкаў твайго праўнука? Дзед працаваў у калгасе шоферам, потым цесьляром, але лаянку я чуў ад яго вельмі рэдка. Вось у гэтым выпадку, думаю, пачуў бы.

Дзед Ягор памёр у 1990 годзе ў 80 гадоў (другі дзед па бацьку, Адам, таксама ваяваў, але ягоных расповедаў я ня чуў, ён памёр у 53 гады, калі мне не было і году). Увогуле большасьць тых, каму ў вайну было 25-40 гадоў, на чые плечы і лёг увесь салдацкі, ды і афіцэрскі цяжар, сышлі з жыцьця ў пачатку 2000-х.

Сёньня самаму маладому ўдзельніку вайны ў якасьці салдата ці афіцэра — ужо ня менш за 93 гады. Іх ня так і шмат засталося. Ці ўсіх іх апыталі, ці хочуць яны парад — з рызыкай заражэньня яго ўдзельнікаў? Ім патлумачылі кошт гэтага параду (у тым ліку — так, і матэрыяльны)?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вылет самалёта — некалькі тысяч даляраў, выезд танка — некалькі сотняў. Колькі каштуе парад

Калі Лукашэнка на нарадзе 3 траўня тлумачыў мэтазгоднасьць параду, ён сказаў, што «гэта жаданьне вэтэранаў Узброеных Сілаў... вэтэранаў вайны».

Гэта была агаворка (наконт «вэтэранаў Узброеных Сілаў»), але — вельмі паказальная.

Думаю, якраз вэтэраны Ўзброеных Сілаў і зьвярнуліся да Лукашэнкі з просьбай не адмаўляцца ад параду.

Вэтэраны Ўзброеных Сілаў — гэта юрыдычная катэгорыя, гэта былыя афіцэры савецкіх Узброеных сілаў. Складаюцца яны з некалькіх частак: тыя, хто праходзіў службу ў Беларускай ваеннай акрузе, хто прыехаў у БССР на пэнсію, хто прыехаў ужо ў незалежную Беларусь пасьля вываду былых савецкіх войскаў з краінаў былой Варшаўскай дамовы, і хто адслужыў увесь тэрмін у войску незалежнай Беларусі (ёсьць ужо і такія).

Узрост гэтых людзей, пераважна — 55-75 гадоў. Натуральна, у Другой сусьветнай вайне ўдзелу яны не прымалі.

Мне даводзілася сутыкацца зь першымі трыма катэгорыямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Масква заклікала беларускіх афіцэраў прысягнуць на вернасьць РФ

Тут важна ўзгадаць, што палітыка, прычым сьвядомая палітыка Міністэрства абароны ў 1992-93 гг. была ў тым, каб як меней вяртаць у Беларусь афіцэраў, народжаных у Беларусі, аддаючы перавагу афіцэрам, народжаным у Расеі (гэта дакумэнтальна засьведчана камітэтам «Вяртаньне», які ўзначальвала дэпутат Апазыцыі БНФ Галіна Сямдзянава, больш падрабязна я пішу пра гэта ў кнізе «Дзевяноста трэці»).

Канешне, большасьці афіцэраў давялося займацца ўладкаваньнем сем’яў, і можна ўявіць, якія пабытовыя, фінансавыя, псыхалягічныя цяжкасьці даводзіцца перажыць чалавеку, калі, аддаўшы службе 10, 15 гадоў, ён адчувае, як ламаецца лёс. Большасьці было ўвогуле не да палітыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1993: Галіна Сямдзянава ратуе беларусаў

Але былі і палітычна актыўныя.

Тыя, якія падтрымалі Незалежнасьць, нацыянальнае Адраджэньне, імгненна вылічваліся і выганяліся з войска (дастаткова сказаць, што былі звольненыя ЎСЕ афіцэры - актывісты БЗВ, на чале з Міколам Статкевічам, якія прыносілі прысягу 8 верасьня 1992 на плошчы Незалежнасьці; дзіўным чынам, НІВОДЗІН з сотняў афіцэраў Міністэрства абароны прысягу на вернасьць Рэспубліцы Беларусь, на другім (!) годзе Незалежнасьці не прынёс).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1992: «...Прысягаю на вернасьць Рэспубліцы Беларусь»

Затое праімпэрскім, прарасейскім, пракамуністычным, шавіністычным аб’яднаньням афіцэраў былі створаныя, як кажа сёньняшняя моладзь, «рэспект і уважуха»: яны атрымалі памяшканьні, неабмежаваны час на тэлебачаньні і радыё, палосы дзяржаўных газэт.

Адрозьніваў іх род войскаў. Аб’ядноўваў — род дзейнасьці (пераважна, палітработнікі). І нязьменнай была нейкая зацятая (ня хочацца казаць — жывёльная) нянавісьць да беларушчыны, да нацыянальнай гісторыі, да нацыянальных каштоўнасьцяў, але найбольш — да самой ідэі Незалежнасьці. Ну а ўжо калі яны чулі беларускую мову, бялелі і чырванелі ад нянавісьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1993: «Ад беларускай мовы паліва ў самалётах не дадасца, таварыш Трусаў!»

Магчыма, у некага іншага будуць свае ўражаньні, адрозныя ад маіх. Я пішу пра свае.

Я памятаю гэтых «вэтэранаў Узброеных Сілаў», калі яны па тэлебачаньні (па дзяржаўным тэлебачаньні!) патрабавалі прыцягнуць да адказнасьці Шушкевіча, усіх, хто «уничтожил великое Очечество — СССР». (Уявіце сабе ступень свабоды ў 1993 — кіраўніка дзяржавы заклікаюць пасадзіць у турму, гэта ідзе ў эфір, і ні прамоўцам, ні журналістам нічога за гэта не было).

Я памятаю гэтыя чырвоныя ад нянавісьці твары «вэтэранаў Узброеных Сілаў», калі 3 ліпеня 1994, у дзень вызваленьня Беларусі, на плошчы Перамогі яны разам з фашыстоўцамі з РНЕ піхалі ў грудзі сапраўдных вэтэранаў — Васіля Быкава, Артура Вольскага, Мікалая Крукоўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Быкава не пускалі на плошчу Перамогі

Між іншым: менавіта «Союз офіцеров» і дэпутаты-вэтэраны ў пачатку 1995 былі фармальнымі ініцыятарамі звароту да Лукашэнкі з патрабаваньнем скасаваць «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг у якасьці дзяржаўных сымбаляў, а беларускую мову пазбавіць статусу адзінай дзяржаўнай.

А яшчэ раней, у канцы 1992-га, яны запатрабавалі ад Вярхоўнага Савету скасаваць нэўтральны статус Беларусі і падпісаць дамову аб калектыўнай бясьпецы краінаў СНД, гэта значыць — увайсьці ў арбіту вайсковых інтарэсаў Масквы. І парлямэнцкая большасьць у 1993-м прагаласавала за гэты крок, прывязаўшы Ўзброеныя сілы краіны да расейскіх стратэгічных інтарэсаў на дзесяцігодзьдзі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Беларусь страціла нэўтралітэт

І я памятаю гэтых «вэтэранаў Узброеных Сілаў», калі раніцай 12 красавіка 1995 года, у Авальнай залі, яны сьмяяліся нам у твар і крычалі «Мало вам дали!».

Я памятаю гэтых «вэтэранаў Узброеных Сілаў», калі на пікетах БНФ у траўні 95-га супраць рэфэрэндуму пра мову, сьцяг і «Пагоню» — яны рвалі дзяржаўныя Бел-Чырвона-Белыя сьцягі.

Савет Беларускага грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў (куды ўваходзяць і «вэтэраны Узброеных Сілаў») ўзначальвае і штогод 9 траўня ідзе поруч з Лукашэнкам генэрал-лейтэнант Анатоль Новікаў (1941 г.н.), былы начальнік Палітупраўленьня Беларускай ваеннай акругі.

Ідэйныя прынцыпы гэтага аб’яднаньня не мяняюцца ўжо дзесяцігодзьдзямі. Канстанціну Астрожскаму, Тадэвушу Касьцюшку, Кастусю Каліноўскаму — як, між іншым, і вэтэрану Другой сусьветнай вайны Васілю Быкаву — на стэндах і ў публікацыях гэтай арганізацыі месца няма.

Бо ўсе гэтыя імёны зьвязаныя з ідэяй незалежнасьці Беларусі.

А вось Ленін, Сталін, Лукашэнка — тое, што зьвязана з ідэяй «адзінства савецкіх народаў» — ідэйна і палітычна роднае.

Што ж, трэба прызнаць, у 1994-1995 праціўнікі Адраджэньня атрымалі перамогу. І карыстаюцца ёй трэцяе дзесяцігодзьдзе.

І тое, што адбудзецца 9 траўня ў Менску — парад найперш іхняй перамогі.

У якой, як пяецца — «мы за ценой не постоим».

Вось толькі хто будзе плаціць тую цану?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі ў Беларусі засталося вэтэранаў Вялікай Айчыннай, а колькі — «забытых герояў» Другой усясьветнай вайны